3 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Падатковыя інспекцыі Віцебскай вобласці ў студзені-веражні выявілі амаль 40 суб'ектаў гаспадарання, якія практыкавалі выплату заработнай платы работнікам у канвертах. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці. У ходзе аператыўных праверак устаноўлена, што гэтыя суб'екты прадпрымальніцкай дзейнасці выкарыстоўвалі практыку выплаты зарплаты наёмным асобам без заключэння ў пісьмовай форме працоўных дагавораў, у тым ліку 36 парушальнікаў не адлюстроўвалі зарплату ў рэгістрах бухгалтарскага і падатковага ўліку. Таксама выяўлены 7 прадпрыемстваў і арганізацый, у якіх выплачвалася заработная плата ў памеры ніжэй за мінімальны гарантаваны пражытачны мінімум, а таксама 2 наймальнікі, якія не выплачваюць заработную плату зусім. Паводле гэтых фактаў падатковыя інспекцыі дадаткова налічылі да выплаты ў бюджэт больш за Br23 млн., у тым ліку Br3,4 млн. штрафаў і пені. Па выніках кантрольных мерапрыемстваў выяўлены 33 індывідуальныя прадпрымальнікі, якія незаконна прыцягвалі да прадпрымальніцкай дзейнасці грамадзян, што не з'яўляюцца іх блізкімі сваякамі. Па рашэнні гаспадарчага суда вобласці ўсе парушальнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу на агульную суму Br24,2 млн. Акрамя таго, у даход дзяржавы канфіскаваны незаконна атрыманы даход ад такой дзейнасці ў памеры больш за Br35 млн.-0-

БЕЛТА