30 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У дзіцячых лагерах Віцебскай вобласці за летні сезон аздаравіліся амаль 55,3 тыс. школьнікаў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік прадстаўніцтва "Віцебскае абласное ўпраўленне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва" Алена Андрэйкава. Усяго сёлета ў вобласці дзейнічала 35 стацыянарных лагераў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей, 13 лагераў на арандаваных плошчах, 119 профільных лагераў з дзевяцідзённым знаходжаннем, а таксама 630 лагераў з дзённым знаходжаннем. Адпачылі і паправілі здароўе ў лагерах 521 дзіця-інвалід, каля 1,3 тыс. дзяцей-сірот, па 1,8 тыс. дзяцей, якія знаходзяцца пад апекай, і з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, амаль 9 тыс. дзяцей з шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў. У лагерах на базе падраздзяленняў МНС, МУС, вайсковых частак аздаравіліся 1,8 тыс. дзяцей, якія стаяць на ўнутрышкольным уліку, каля 800 – якія стаяць на ўліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх і 2,3 тыс. – якія знаходзяцца ў асабліва небяспечным становішчы. Аздараўленчая кампанія прайшла ў вобласці спакойна, без выпадкаў ускладнення эпідэміялагічнай сітуацыі, групавых выпадкаў вострых кішэчных расстройстваў. Эфектыўнасць аздараўлення з выяўленым эфектам склала 83,7%, са слабым эфектам – 15%, з адсутнасцю эфекту – 1,2%. Цяпер у вобласці падводзяцца вынікі працы кожнага аздараўленчага лагера з тым, каб выбраць лепшы. Таксама фактычна ўжо пачалася падрыхтоўка да наступнага аздараўленчага сезона, дадала Алена Андрэйкава.-0-

БЕЛТА