Амаль 60 тыс. сем'яў Віцебшчыны стануць новасёламі сёлета дзякуючы новым правілам
22.4.20120 праглядаў
22 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Амаль 60 тыс. сем'яў у Віцебскай вобласці стануць новасёламі сёлета дзякуючы зменам, унесеным ва ўказ №13, які рэгулюе сферу жыллёвага будаўніцтва. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анатоль Дзіулін.
Да прыняцця ўказа №184 грамадзяне, якія будавалі жыллё, але не трапілі пад дзеянне ўказа №13, вымушаны былі браць крэдыты на будаўніцтва пад высокія працэнтныя стаўкі - 36% гадавых. Людзям было няпроста, многія апыняліся ў патавай сітуацыі. Дзякуючы зменам гэтыя забудоўшчыкі атрымалі магчымасць дакрэдытавацца на ранейшых умовах. Сутнасць указа №184 у тым, што прадастаўленне льготных крэдытаў грамадзянам, якія заключылі крэдытныя дагаворы да ўступлення ў сілу ўказа №13 "Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў" ад 6 студзеня 2012 года, і суправаджэнне гэтых крэдытных дагавораў у межах тэрміну іх дзеяння будуць ажыццяўляцца на ўмовах, прадугледжаных заключанымі крэдытнымі дагаворамі і заканадаўствам, што дзейнічала на момант іх заключэння (з улікам прадастаўлення адтэрміноўкі ў адпаведнасці з ч.2 падпункта 1.12 пункта 1 указа №13). "Такім чынам, велізарная колькасць кватэр, будаўніцтва якіх было пачата ў 2011 і запланавана да ўводу ў 2012-м, будзе дакрэдытавана на старых умовах. У Віцебскай вобласці гэта 170 тыс. кв.м жылля, на якое будзе выдзелена каля Br150 млрд. Амаль 60 тыс. сем'яў змогуць адсвяткаваць у бягучым годзе наваселле", - паведаміў Анатоль Дзіулін. Таксама з'явілася магчымасць не спыняць будаўніцтва дамоў, запланаваных да ўводу ў 2013 годзе.
Намеснік старшыні аблвыканкама растлумачыў, што грамадзяне, якія атрымалі магчымасць дакрэдытавацца на ранейшых умовах, павінны ў бліжэйшыя дні звярнуцца ў банк, які фінансуе, як правіла, гэта "Беларусбанк". Гарадскія і раённыя выканкамы пацвярджаюць патрэбнасць грамадзян у дадатковым крэдытаванні, рыхтуюць спісы і перадаюць іх у банк.
Анатоль Дзюлін таксама звярнуў увагу, што змены ва ўказ №13 забяспечылі дзяржаўную падтрымку будаўніцтва жылля шэрагу работнікаў сілавых структур і вайскоўцам. За вайскоўцамі, супрацоўнікамі Следчага камітэта, органаў унутраных спраў, фінансавых расследаванняў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях (незалежна ад звання), якія праходзяць службу па кантракце, захоўваюцца асноўныя ўмовы атрымання льготных крэдытаў, якія раней былі прадугледжаны ўказам ад 3 красавіка 2008 года №195 "Аб некаторых сацыяльна-прававых гарантыях для вайскоўцаў, суддзяў і пракурорскіх работнікаў". У прыватнасці, за імі захоўваецца права на атрыманне льготных крэдытаў пад 5% гадавых. "Гэтыя людзі служаць дзяржаве і ім неабходна падтрымка", - падкрэсліў суразмоўца.
У вобласці ў бягучым годзе плануецца ўвесці ў строй 500 тыс. кв.м жылля. Прыярытэтам стане будаўніцтва індывідуальнага жылля, а таксама забеспячэнне тых, хто мае патрэбу. Па словах Анатоля Дзюліна, у сувязі з уступленнем у сілу ўказа №13, колькасць грамадзян, якія маюць права на дзяржпадтрымку пры будаўніцтве жылля ў вобласці скарацілася прыкладна на 40%. "Неабходнасць упарадкавання катэгорый ільготнікаў назрэла. Пры будаўніцтве жылля неабходна разлічваць на ўласныя сілы", - лічыць намеснік старшыні аблвыканкама. -0-
БЕЛТА