23 ліпеня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі за студзень-чэрвень бягучага года створана 84 тыс. 275 рабочых месцаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Гэта 48,1% гадавога задання, а ў цэлым за 2010 год у рэспубліцы павінна з'явіцца 175,3 тыс. новых рабочых месцаў. Лідзіруе па колькасці створаных рабочых месцаў Мінск - у сталіцы на іх працаўладкавана 14,7 тыс., але пры гэтым выкананне гадавога задання складае толькі 42,5%. А самы высокі гэты паказчык у Гомельскай вобласці (51,5%), дзе створана амаль 12,4 тыс. рабочых месцаў. У малых гарадах Беларусі за шэсць месяцаў з'явілася 16 тыс. 56 новых рабочых месцаў (63% гадавога задання), у сельскай мясцовасці - 11 тыс. 12 рабочых месцаў (62,9%). Па словах спецыялістаў, стварэнне рабочых месцаў - вельмі важны аспект для нармалізацыі сітуацыі на лакальных рынках працы. У Беларусі наймальнікам выдзяляюць бюджэтныя пазыкі на стварэнне рабочых месцаў - па аператыўных даных, на іх у студзені-чэрвені гэтага года працаўладкаваны ў цэлым па рэспубліцы 1 тыс. 131 чалавек (заданне на 2010 год - 2 тыс. 610). У першым паўгоддзі наймальнікам кампенсаваны затраты на набыццё спецыялізаванага абсталявання для стварэння рабочых месцаў і працаўладкавання на іх 60 інвалідаў (план на 2010 год - 218). У міністэрстве падкрэслілі, што з выкарыстаннем бюджэтных пазык неабходна больш ствараць рабочых месцаў для працаўладкавання грамадзян, якія маюць дадатковыя гарантыі ў галіне садзейнічання занятасці.

БЕЛТА