29 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Амаль дзесяцідзённая норма ападкаў выпала за выхадныя ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным цэнтры па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя ("Віцебскаблгідрамет"). З восені фактычна адразу ў зіму вобласць перанёс паўднёвы цыклон. 26 кастрычніка выпаў першы снег. Наогул самае ранняе выпадзенне снегу ў Віцебскай вобласці зафіксавана 23 верасня 1973 года. Асноўная колькасць ападкаў - ад 60% да 90% дзесяцідзённай нормы - выпала ў вобласці ў ноч з 27 на 28 кастрычніка. Найбольшая іх колькасць прыйшлася на Сенненскі, Аршанскі і іншыя паўднёва-ўсходнія раёны вобласці. Снегапады суправаджаліся галалёдзіцай і пагаршэннем бачнасці да 500-700 м - з'явамі, характэрнымі для зімы. Максімальная вышыня снежнага покрыва напярэдадні склала ад 6 см да 12 см. Першыя дні тыдня, які стартаваў, па прагнозах сіноптыкаў, чакаюцца з тэмпературай да мінус 3-4 градусаў днём і ноччу. Дзённая адліга прагназуецца з 1 лістапада, у наступныя дні цёплыя паветраныя масы захаваюць станоўчую тэмпературу і ноччу. Пагаршэнне ўмоў надвор'я было прагназуемым і не даставіла асаблівых клопатаў работнікам камунальнай службы, энергетыкам і дарожнікам, прынёсшы больш праблем аўтааматарам. Усяго па вобласці за мінулыя выхадныя адбылося 73 сутыкненні машын без пацярпелых, з іх 29 - у Віцебску, паведаміла начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Алеся Сярэгіна. Адной з асноўных спадарожных прычын ДТЗ акрамя неспрыяльных умоў надвор'я стала непадрыхтаванасць кіроўцаў, якія не змянілі летнія шыны на зімовыя.-0-

БЕЛТА