20 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Амаль кожнага трэцяга жыхара Віцебскай вобласці плануецца прышчапіць ад грыпу сёлета, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны ўрач Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Уладзімір Сінкевіч. Імунізацыя насельніцтва Віцебскай вобласці, як і іншых рэгіёнаў краіны, пачалася ў верасні. Па стане на 16 верасня вакцынаваныя 2,7% жыхароў. Усяго да надыходзячага эпідсезону плануецца прышчапіць больш за 366 тыс. грамадзян, або 30% насельніцтва (у мінулым годзе - 22% насельніцтва). Вакцына, набытая за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, ужо паступіла ў вобласць. Ідуць пастаўкі вакцыны, закупленай за сродкі прадпрыемстваў і арганізацый вобласці для сваіх работнікаў. Прышчэпкамі супраць грыпу ў гэтай катэгорыі насельніцтва плануецца абараніць каля 80 тыс. чалавек. З гэтай мэтай работнікі ўстаноў аховы здароўя праводзяць сур'ёзную інфармацыйную працу. "Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, на якіх яна ў першую чаргу і арыентавана, павінны дакладна разумець: быць здаровым выгадна не толькі кожнаму канкрэтнаму работніку, але і прадпрыемству ў цэлым, бо ад гэтага залежыць яго эканамічная эфектыўнасць", - адзначыў галоўурач. Поўнасцю завяршыць кампанію па імунізацыі плануецца да 1 снежня.-0-

БЕЛТА