24 ліпеня, Лепель /Ул.інф./. У цэнтральным аддзяленні паштовай сувязі карпаратыўныя кліенты эканомяць свой час з дапамогай «Бізнес-пошты». Цяпер супрацоўнікам арганізацый, індывідуальным прадпрымальнікам не даводзіцца стаяць у адной чарзе з фізічнымі асобамі і чакаць, да прыкладу, пакуль тыя аплацяць камунальныя паслугі. У выніку размежавання паскорылася абслугоўванне кліентаў. Падобная практыка дзейнічае ў Віцебску, Полацку, Оршы. Лепель стаў першым сярод раённых гарадоў.

У памяшканні, дзе раней прадаваліся бланкі строгай справаздачнасці, цяпер створаны ўсе ўмовы для хуткага і якаснага аказання паслуг «Бізнес-пошты». Сярод стандартных: адпраўка лістоў, пасылак, бандэроляў, нестандартных – адпраўка пералічанага з офіса кліента. Скласці дагавор можна такім чынам, што супрацоўнік пошты будзе прыязджаць да заказчыка.

Усё большай папулярнасцю карыстаецца «гібрыдная пошта» – комплексная паслуга, якая ўключае раздрукоўку, канвертаванне і рассылку інфармацыі, атрыманай ад заказчыка па электроннай пошце, а таксама паскораная пошта EMS Belpost.

 Аператар сувязі Ірына Шапка абноўленаму працоўнаму месцу рада – спецыяльна набывалася мэбля, афармляліся стэнды. У кабінеце светла і камфортна, а галоўнае, сапраўды без чаргі.

Яўгенія ЛЯХ