У сувязі са складанай дарожнай абстаноўкай у перыяд з 17 па 19 студзеня на тэрыторыі Віцебскай вобласці Дзяржаўтаінспекцыя правядзе прафілактычнае мерапрыемства "Дарога без небяспек".
Для зніжэння аварыйнасці і аказання практычнай дапамогі ў паўночны рэгіён накіраваны нарады дарожна-патрульнай службы з Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей, экіпажы спецыяльнага падраздзялення ДПС "Стрэла" МУС. Арганізавана работа з паветра з прымяненнем беспілотных лятальных апаратаў, дадатковых мабільных датчыкаў кантролю хуткасці. Запланавана ўзмоцненая адпрацоўка аўтамабільнай дарогі Р-45 "Полацк-Глыбокае-мяжа Літвы (Катлоўка)".Рэйдавыя мерапрыемствы накіраваны на папярэджанне, выяўленне і спыненне парушэнняў, якія правакуюць здарэнні з цяжкімі наступствамі. На асаблівым кантролі - стан зімовых шын і ігнараванне сігналаў святлафора, выкананне хуткасных абмежаванняў, правілаў абгону і выезду на паласу сустрэчнага руху, праезду пераходаў, кіраванне транспартам у стане ап'янення і без "праў", выкананне правілаў пешаходамі, асабліва ў цёмны час сутак.
У адпрацоўках найбольш аварыйна-небяспечных участкаў дарог і вуліц Віцебскай вобласці задзейнічаны ўвесь асабовы склад міліцыі грамадскай бяспекі рэгіёна. Арганізаваны змешаны кантроль за дарожным рухам на службовых аўтамабілях у цывільным і патрульным выкананні. Для выяўлення і спынення парушэнняў выкарыстоўваюцца магчымасці камер вонкавага назірання і рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі.
У зменлівых умовах надвор'я безагаворачна выконвайце Правілы дарожнага руху, будзьце пільныя і асцярожныя.