Напярэдадні жаночага свята лепельчане атрымалі выдатны падарунак – у райцэнтры адкрылася фірменная крама «Ганна».
Напярэдадні жаночага свята лепельчане атрымалі выдатны падарунак – у райцэнтры адкрылася фірменная крама «Ганна». Гандлёвае прадпрыемства плошчай 300 квадратных метраў узведзена сіламі будаўнікоў Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі менш чым за год. Тут створана 16 новых працоўных месцаў.
Гандаль прадукцыяй прадпрыемства ішла ў горадзе даўно і даволі паспяхова. Але прадавалі яе ў невялікім халодным кіёску, у чарзе даводзілася стаяць пад адкрытым небам. Таму і прынялі рашэнне аб будаўніцтве крамы. Нягледзячы на складаныя часы, здолелі давесці справу да канца. Сюды ўкладзена амаль шэсць мільярдаў уласных інвестыцый фабрыкі, а будаўніцтва абышлося даражэй, чым у абласным цэнтры.
Гэта 20-я па ліку крама «Ганна», а ўсяго фабрыка ўжо мае 21 гандлёвае прадпрыемства.
Клопат пра лепельчан не абмежаваўся камфортнымі ўмовамі і шырокім асартыментам уласнай прадукцыі, прадстаўленай у новай краме. Тут можна практычна набыць усё, што патрэбна гаспадыні: і малочныя, хлебабулачныя, кандытарскія вырабы, і напоі, і прамысловыя тавары першай неабходнасці...
Шчыра падзякаваў кіраўніцтву фабрыкі старшыня Лепельскага райвыканкама Барыс Ефрэмаў. Да слоў Барыса Сяргеевіча далучыліся многія гараджане, якія сабраліся на ўрачыстасць. Фактычна, яна ператварылася ў народнае свята: госці з абласнога цэнтра прывезлі з сабой выдатных артыстаў, гучалі музыка і песні, у скокі пускаліся дзеці і дарослыя. Ацанілі лепельчане і магчымасць прадэгуставаць прадукцыю, і акцыі, прымеркаваныя да адкрыцця гандлёвага аб'екта.
Калі навасёлы перад засяленнем запускаюць у памяшканне ката, то ў «Ганны» – свае традыцыі: першай увайшла ў новую краму курыца. Напэўна, яна прыносіць удачу: да самага закрыцця ў гандлёвай зале было шматлюдна. Пакупнікі самі адчулі і пераканаліся ў дакладнасці дэвізу, пад якім працуе калектыў Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі: «У «Ганны» для вас – усё самае лепшае»! Удзячныя гараджане і за зручнае размяшчэнне крамы – у крокавай даступнасці ад жыцця. Новае гандлёвае прадпрыемства нязменна зацікавіць і гасцей горада, і турыстаў, якія праязджаюць па недалёкай адсюль трасе.
Тэкст і фота Алены Целятка.