Як адзначыў кіраўнік вобласці Аляксандр Субоцін, для Віцебшчыны вялікі гонар прымаць такое маштабнае мерапрыемства, і яно павінна прайсці на высокім узроўні. Нямала важна і тое, што дзякуючы форуму будзе палепшана інфраструктура рэгіёна, і ўсё зробленае застанецца жыхарам.
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў расказаў, што дэлегацыя Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі, якая прыязджала ў Беларусь і наведала аб'екты будучага форуму, высока ацаніла прапанаваную канцэпцыю мерапрыемства і правядзенне яго адразу ў трох гарадах.
Форум пройдзе 26 і 27 чэрвеня. У ім мяркуецца ўзяць удзел прэзідэнты Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка. Чакаецца вялікая колькасць гасцей, у тым ліку кіраўнікоў рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У праграме – выставы, пленарнае пасяджэнне, праца дзевяці секцый.
– Задзейнічаны будуць многія пляцоўкі Віцебска, Полацка і Наваполацка. Усе яны будуць тэматычнымі. У прыватнасці, на плошчы Свабоды ў абласным цэнтры разгорнецца выстава тэхнікі прамысловых прадпрыемстваў Беларусі і Расіі. Вакол канцэртнай залы «Віцебск» рэгіёны дзвюх краін прадставяць свой патэнцыял народных дасягненняў. Каля Летняга амфітэатра выставачны праект будзе прысвечаны інавацыйнаму развіццю – тэме, якая будзе абмяркоўвацца на форуме. Прыцягне ўвагу тэматычная пляцоўка кухняў Беларусі і Расіі. На вуліцах Замкавай і Суворава разгорнуцца рамеснікі. Пройдуць розныя відовішчныя мерапрыемствы. Зацікаўленая размова адбудзецца на пасяджэннях тэматычных секцый. Так, на ААТ «Віцебскія дываны» пойдзе размова аб інавацыйным развіцці ў лёгкай прамысловасці. На заводзе «Палімір» ААТ «Нафтан» прадстаўнікі расійскага і беларускага бізнесу абмяркуюць інавацыі ў прамысловым комплексе. Будуць узняты і іншыя тэмы ў рамках супрацоўніцтва ў розных сферах, – растлумачыла намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна.
Анжаліка Нікіціна таксама адзначыла, што на форуме мяркуецца падпісанне новых дагавораў. На сённяшні дзень Віцебскі аблвыканкам заключыў 28 пагадненняў аб супрацоўніцтве з расійскімі рэгіёнамі. Да будучага форуму ўжо пададзена пяць заявак з боку Расійскай Федэрацыі, у прыватнасці ад Кемераўскай, Свярдлоўскай абласцей, Карэліі.
На нарадзе дэталёва абмеркавалі ход будаўнічых работ, добраўпарадкаванне, гатоўнасць гасцініц, грамадскага харчавання да прыёму вялікай колькасці гасцей, арганізацыю культурнай праграмы.