18 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Падазраваемы па справе аб забойстве маладога таксіста ў Віцебску затрыманы. Аб гэтым сёння на брыфінгу паведаміў начальнік упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці Уладзімір Шалухін, перадае карэспандэнт БЕЛТА. На шосты дзень пасля выяўлення цела мужчыны 1992 года нараджэння ў ходзе аператыўна-следчых дзеянняў выяўлена асоба, падазраваная ў гэтым жорсткім злачынстве. Ім аказаўся жыхар Віцебска 1971 года нараджэння, раней судзімы за крадзеж аўтатранспартнага сродку (судзімасць пагашана. - Заўв. БЕЛТА). Па версіі следства, падазраваны дзейнічаў з карыслівых меркаванняў. Рэчавыя доказы яго злачынства выяўлены. Абвінавачванне падазраванаму будзе прад'яўлена ў бліжэйшыя дні. Начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Ігар Яўсееў адзначыў, што вялікую дапамогу ў вышуку падазраванага ў забойстве аказалі грамадзяне. Карпаратыўную салідарнасць праявілі былыя калегі забітага - таксісты. Злачынства выклікала вялікі грамадскі рэзананс у горадзе. Маральную і матэрыяльную падтрымку маці загінулага аказвалі супрацоўнікі МНС, там, дзе малады чалавек працаваў пастаянна, віцебскія таксісты, сябры загінулага і проста неабыякавыя грамадзяне. Учора на афіцыйны сайт Віцебскага гарвыканкама прыйшоў ліст ад маці загінулага, дзе яна выказала шчырую падзяку ўсім, хто аказаў ёй маральную і матэрыяльную падтрымку. Увечары 12 верасня ў Віцебску адбылося забойства мужчыны 1992 года нараджэння. Цела з агнястрэльным раненнем было выяўлена раніцай 13 верасня ў аўтамабілі. Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа па арт.139 "Забойства" Крымінальнага кодэкса Беларусі. Мужчына падпрацоўваў таксістам, з'яўляўся кандыдатам у майстры спорту па таэквандо і, як мяркуе следства, спрабаваў аказаць супраціўленне.-0-

БЕЛТА