28 студзеня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі, украінская кампанія "Мотар Січ" і ЗАТ "Сістэмы інвестыцый і інавацый" падпісалі інвестыцыйны дагавор аб мадэрнізацыі Аршанскага авіярамонтнага завода, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Дэпартаменце па авіяцыі Мінтраса. Дакумент заключаны падчас візіту кіраўніцтва кампаніі ў Мінск. Згодна з падпісаным інвестдагаворам мадэрнізацыя Аршанскага авіярамонтнага завода будзе праходзіць у некалькі этапаў. Чакаецца, што ў будучыні на базе прадпрыемства будзе створаны мультымадальны транспартна-лагістычны цэнтр. Тут плануецца будаўніцтва сучаснага складскога тэрмінала, офісных будынкаў, у якіх размесцяцца мытныя службы, банк, лізінгавая кампанія. Праект прадугледжвае будаўніцтва гасцініцы і кафэ для экіпажаў паветраных суднаў і аўтамабільных перавозчыкаў. Новы транспартна-лагістычны цэнтр будзе размешчаны на скрыжаванні 2-га і 9-га міжнародных транспартных калідораў. Аэрадром, які знаходзіцца паблізу Аршанскага авіярамонтнага завода, здольны прымаць паветраныя суды практычна ўсіх тыпаў, побач размешчаны і чыгуначныя шляхі. У перспектыве новы лагістычны цэнтр зможа абслугоўваць грузапатокі з розных краін, у тым ліку з Кітая. Як паведамлялася, у канцы мінулага года Прэзідэнт падпісаў распараджэнне аб адчужэнні дзяржпакета акцый ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод". Дзяржаўны пакет цалкам прадаецца інвестарам: ЗАТ "Сістэмы інвестыцый і інавацый" становіцца ўладальнікам 1 488 171 акцыі, ПАТ "Мотар Січ" прадаецца 2 232 256 акцый (каля 60%). Інвестары бяруць на сябе абавязацельствы на працягу 2012-2016 гадоў укласці ў рэканструкцыю, мадэрнізацыю вытворчых магутнасцей не менш за $12 млн. Да красавіка бягучага года ў Саўмін павінна быць прадстаўлена комплексная канцэпцыя стварэння лагістычнага цэнтра з выкарыстаннем магчымасцей аэрадрома Орша.-0-

БЕЛТА