Спецыялізаваныя падраздзяленні па навядзенні парадку на прыдарожных палосах плануецца стварыць у Віцебскай вобласці. Такое даручэнне адпаведным службам даў старшыня аблвыканкама Мікалай Шэрстнёў на пасяджэнні аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Спецыялізаваныя падраздзяленні па навядзенні парадку на прыдарожных палосах плануецца стварыць у Віцебскай вобласці. Такое даручэнне адпаведным службам даў старшыня аблвыканкама Мікалай Шэрстнёў на пасяджэнні аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У рэгіёне нямала ўчасткаў уздоўж дарог, за якімі гадамі ніхто не даглядаў, у выніку чаго яны пакрыліся шчыльнай драўняна-хмызняковай расліннасцю, канстатаваў кіраўнік вобласці. І хоць барацьба з такімі зараснікамі вядзецца, неабходна надаць ёй сістэмны характар. Для гэтага трэба прааналізаваць у разрэзе кожнага раёна маштабы праблемы, ацаніць магчымыя аб'ёмы шчэпкі і драўніны, якія трэба будзе высечы і выкарыстоўваць у сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі на ацяпленне.

На аснове аналізу можна будзе спланаваць шляхі вырашэння задачы і вызначыць адказныя арганізацыі, што дапаможа пераадолець міжведамасную раз'яднанасць. Непасрэднымі выканаўцамі работ павінны стаць спецыялізаваныя падраздзяленні, аснашчаныя магутнымі шчэпарубкамі. Усе работы на зямлі неабходна праводзіць у адпаведнасці з прыродаахоўным заканадаўствам, выканаўцы павінны ведаць аб існуючых забаронах і абмежаваннях, адзначыў Мікалай Шэрстнёў.

Як паведаміў начальнік упраўлення ЖКГ аблвыканкама Юрый Дзядзела, доля выкарыстання мясцовых відаў паліва прадпрыемствамі ЖКГ вобласці па выніках 2017 года склала 66,6%, што з'яўляецца самым высокім паказчыкам сярод рэгіёнаў. У бягучым годзе да пачатку ацяпляльнага сезона неабходна стварыць запасы дроў у аб'ёме 233 тыс. шчыльных куб.м, шчэпкі - 167 тыс. шч. куб.м, тарфу і торфабрыкетаў - 11,7 тыс. т. Па плане мерапрыемстваў па энергазберажэнні ў 2017 годзе ўстаноўлены і ўведзены ў эксплуатацыю 5 катлоў з механізаванай загрузкай, якія працуюць на мясцовых відах паліва, сумарнай магутнасцю 14 МВт у трох кацельнях Талачынскага, Аршанскага і Пастаўскага раёнаў. У бягучым годзе аналагічныя работы запланаваны на кацельнях у Браслаўскім і Лепельскім раёнах.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)