28 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Эксперыментальны курс па фарміраванні жыццёвай устойлівасці да сацыяльна неспрыяльных фактараў для школьнікаў "Мы самі" стартуе ў Віцебскай вобласці з другой навучальнай чвэрці, расказаў карэспандэнту БЕЛТА галоўны пазаштатны медыцынскі псіхолаг вобласці Мікалай Якушкін. Курс уключае 10 заняткаў-трэнінгаў, сутнасць якіх зводзіцца да таго, каб навучыць падлеткаў 10-14 гадоў супрацьстаяць дэструктыўным уздзеянням сацыяльнага асяроддзя, выхаваць у іх стрэсаўстойлівасць. Па словах Мікалая Якушкіна, падчас трэнінгаў псіхолагі дапамогуць падлеткам разабрацца ў сабе, наладзіць кантакт з аднагодкамі і дарослымі, навучаць, як паводзіць сябе ў крызіснай сітуацыі і сказаць "не" шкодным звычкам. Разам са школьнымі педагогамі-псіхолагамі заняткі будуць весці медыкі, міліцыянеры, святары. Метдаыка распрацавана калектывам аўтараў - спецыялістамі Віцебскага абласнога псіханеўралагічнага дыспансера, вучонымі Віцебскай дзяржаўнай медыцынскай акадэміі і педагогамі. Падобную сістэму працы з падлеткамі выкарыстоўваюць у Еўропе і ЗША. Яе галоўнае адрозненне ад традыцыйных забаронных метадаў Мікалай Якушкін бачыць у навучанні падлетка фарміраваць праблемнае поле і супрацьстаяць яму, таму скарочаная назва курса "Мы самі". Эксперымент пройдзе на працягу другой-трэцяй навучальных чвэртак у чатырох звычайных школах Віцебска і Сенненскага раёна, а таксама ў цэнтры псіхолага-педагагічнай дапамогі Першамайскага раёна. Пасля курса будзе праведзена анкетаванне падлеткаў - удзельнікаў эксперыменту, іх педагогаў і бацькоў, каб дапрацаваць метдаыку з улікам іх заўваг і ў далейшым выкарыстоўваць яе ў працы школьных псіхолагаў.-0-

БЕЛТА