На цяперашні час у рэспубліцы функцыянуе 303 санаторна-курортныя і аздараўленчыя арганізацыі на 65 тысяч месцаў, сярод іх 105 санаторыяў, разлічаных на 28 тыс. месцаў.
На цяперашні час у рэспубліцы функцыянуе 303 санаторна-курортныя і аздараўленчыя арганізацыі на 65 тысяч месцаў, сярод іх 105 санаторыяў, разлічаных на 28 тыс. месцаў. Гэта дае магчымасці штогод забяспечваць санаторна-курортным лячэннем і аздараўленнем звыш 1,3 млн чалавек. Сярэдняя запаўняльнасць месцаў у мінулым годзе склала 84%. Гэта лепшы вынік за апошнія 10 гадоў.
Амбіцыйныя планы гатовыя падтрымаць беларускія навукоўцы, у тым ліку акадэмік-сакратар аддзялення медыцынскіх навук, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалай Сердзючэнка. Ён выступіў на рэспубліканскім нарадзе ў «Пліссе», на якім падводзіліся вынікі працы па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва ў мінулым годзе, а таксама абмяркоўваліся найбольш важныя задачы на перспектыву.
– Плануем рэалізаваць важны інвестыцыйны праект, – падкрэсліў старшыня назіральнай рады вытворча-будаўнічага закрытага акцыянернага таварыства «Трэст Прамбуд» Валерый Мазоўка. – Хочам укараніць у працу новыя трэнды. На дадзены момант у нас можа пражываць больш за 340 гасцей. Будзем будаваць яшчэ адзін сучасны корпус. Акрамя гэтага, маем намер стварыць унікальны этнапарк, які дазволіць усім жадаючым акунуцца ў атмасферу далёкага мінулага.
У часы Полацкага княства на беразе возера, калі верыць легендзе, стаяў княжацкі замак. Таму з'явілася ідэя аднавіць побыт той эпохі. Пабудаваць масіўныя сцены, пад'ёмныя масты, багаты церам, каля якога можна было б арганізоўваць маляўнічыя кірмашы, культурна-масавыя мерапрыемствы, робячы акцэнт на творчай спадчыне, знаёміць гасцей з прадукцыяй, якая вырабляецца на прадпрыемствах Віцебшчыны.
У рэспубліцы шмат цудоўных месцаў, дзе можна адпачыць, паправіць здароўе. Каб годна канкурыраваць на рынку турыстычных, аздараўленчых паслуг, нельга спыняцца на дасягнутым. Ставім перад сабой задачу не проста аказваць медыцынскія паслугі, а ўкараняць новыя віды дыягностыкі, рабіць усё, каб госць адчуваў сябе камфортна і хацеў да нас прыехаць зноў.
Санаторна-курортны комплекс «Пліса» многія называюць бальнеалагічным курортам. Унікальны ён тым, што размешчаны ў непасрэднай блізкасці ад аднайменнага возера, з якога бяруць сапрапелевую гразь для лячэння. Таксама там атрымліваюць бальнеалагічную і пітную мінеральныя воды.
Санаторна-курортны комплекс «Пліса», які з'яўляецца філіялам ЗАТ «Трэст Прамбуд», займае плошчу каля 18 тысяч кв. м, але ўжо ў хуткім часе гэтая лічба значна ўзрасце.
– Клопат пра дзяцей – галоўная ўмова ўстойлівага развіцця краіны, – адзначыў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Болбатоўскі. – Штогод каля 80% сродкаў, якія прадастаўляюцца цэнтру, накіроўваецца на рэалізацыю льгот па санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні дзяцей. Дзякуючы гэтаму звыш паловы непаўналетніх забяспечваецца бясплатнымі, зніжанымі пуцёўкамі.
Напрыклад, у мінулым годзе за кошт дзяржаўных сродкаў лячэнне і аздараўленне прайшлі 719 тысяч дзяцей, што на 11 тыс. больш, чым у 2018-м.
Генадзь Болбатоўскі адзначыў, што таксама важнае месца ў дзяржаўнай сацыяльнай палітыцы адводзіцца і здароўю людзей, пацярпелых ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У прыватнасці, у 2019-м на іх санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне са сродкаў рэспубліканскага бюджэту было выдзелена 91,5 млн рублёў.
На нарадзе гаварылі аб абслугоўванні ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, неабходнасці павелічэння колькасці месцаў для фізічна аслабленых асоб, значнасці аздараўлення дзяцей у лагерах розных тыпаў. Дарэчы, патрэба ў летнім адпачынку апошнім часам задавольваецца ў поўным аб'ёме. У 2019-м быў пастаўлены свайго роду рэкорд: ахоп летнім аздараўленнем дзяцей у сярэднім перавысіў 40% па краіне. Найлепшых вынікаў удалося дасягнуць у Гродзенскай, Віцебскай і Брэсцкай абласцях.
Удзельнікі сустрэчы не абышлі ўвагай і пытанні экспарту медыцынскіх паслуг. Па выніках мінулага года выручка ад іх рэалізацыі замежным грамадзянам здраўніцамі нашай краіны павялічылася ў параўнанні з 2018-м на 11,5% і перавысіла 200 млн рублёў. Самыя высокія тэмпы росту выручкі ад экспарту паслуг у параўнанні з 2018 годам – у Віцебскай вобласці. У Беларусі курс лячэння і аздараўлення прайшло больш за 240 тысяч жыхароў краін блізкага і далёкага замежжа.
Старшыня Глыбокскага райвыканкама Аляксандр Шубскі расказаў гасцям пра прыродную прыгажосць краю, пра прамысловыя прадпрыемствы, прадукцыя якіх экспартуецца ў многія краіны свету. У санаторна-курортным комплексе рэгулярна адпачывае вялікая колькасць замежнікаў, а гэта таксама станоўча адбіваецца на іміджы рэгіёна.
– Галоўнае багацце нацыі – здароўе людзей, – падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін, падводзячы вынікі нарады. – Спецыялізуючыся на лячэнні, аздараўленні насельніцтва, вы клапоціцеся пра будучыню краіны. Здраўніцы Віцебскай вобласці маюць цудоўныя перспектывы для далейшага развіцця, пашырэння пераліку паслуг, што аказваюцца.
Лепшыя з лепшых па выніках працы за мінулы год атрымалі ўзнагароды ў некалькіх намінацыях. Напрыклад, за высокія паказчыкі ў аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва сярод дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў другое месца заняла «Жамчужына» Лепельскага раёна. Генадзь Балбатоўскі ўручыў узнагароду дырэктару цэнтра Веры Закрэўскай з пажаданнямі далейшага паспяховага развіцця.