Па традыцыі ў Лепелі завяршыўся раённы этап агляду-конкурсу «Выратавальнікі вачыма дзяцей».

Па традыцыі ў Лепелі завяршыўся раённы этап агляду-конкурсу «Выратавальнікі вачыма дзяцей». Гэты конкурс праводзіцца з мэтай павышэння цікавасці дзяцей да вывучэння асноў бяспекі жыццядзейнасці і развіцця іх творчых здольнасцей. Работы на раённы этап былі прадстаўлены ў наступных намінацыях: «Казка», «Апавяданне», «Верш», «Малюнак», «Комікс», «Вырабы», «Плакат», «Скульптура малых форм», «Мадэль пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі», «Стыкер-пак МНС», у якіх дзеці паказалі сваю крэатыўнасць і арыгінальнасць.

У конкурсе прымалі ўдзел дзеці з устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі горада Лепеля і раёна.

Конкурс праходзіў на базе Цэнтра дзяцей і моладзі горада Лепеля, куды дзеці на працягу месяца прыносілі свае работы. Так у конкурсе прынялі ўдзел больш за 65 работ у розных намінацыях.

Дзеці рабілі шэдэўры з самых простых матэрыялаў, такіх як ніткі, тканіна, пенапласт, мантажная пена, пластык, дрэва, гліна і многае іншае. Таксама ў гэтым конкурсе сябе праявілі юныя паэты-пісьменнікі. З мноства казак, апавяданняў і вершаў асабліва цяжка было вылучыць лепшых.

Відаць, што пры падрыхтоўцы да конкурсу дзеці выкарыстоўвалі не толькі свае творчыя здольнасці, але і веды, атрыманыя на ўроках АБЖ, бо тэматыка работ разнастайная, гэта пажары і НС, прамысловая бяспека і выратаванне на водах.

Па выніках раённага тура вызначаны работы вучняў, якія прызнаны лепшымі і прымуць удзел у абласным этапе агляду-конкурсу.