9 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Подзвіг ветэранаў не мае цаны і тэрміну даўнасці. Такое меркаванне выказаў сёння на ўрачыстым мітынгу з нагоды Дня Перамогі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "9 мая 1945 года - дата, якая сімвалізуе для ўсіх народаў свету справядлівасць і гуманізм. Для беларускага народа гэта яшчэ і сімвал захавання нашага народа і дзяржавы. Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне саткана з мільёнаў подзвігаў простых людзей і салдат, напісана крывёю і болем партызан і падпольшчыкаў", - сказаў Аляксандр Косінец, адзначыўшы, што Беларусь першая прыняла на сябе ўдар гітлераўскіх захопнікаў, а Віцебшчына з першых дзён акупацыі стала адным з цэнтраў вялікай бітвы. Больш за 120 тысяч жыхароў Віцебскай вобласці змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны, звыш 100 тысяч чалавек змагаліся ў 60 партызанскіх атрадах і злучэннях, групах самаабароны і апалчэння, партыйна-камсамольскім падполлі. Подзвігі 127 землякоў Прыдзвіння адзначаны званнем Героя Савецкага Саюза. У імя Вялікай Перамогі было аддадзена тысячы жыццяў. Віцебская вобласць у гады вайны страціла кожнага трэцяга жыхара. Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што сёння ў парадным страі знаходзяцца ветэраны, удзельнікі вайны, іх дзеці і ўнукі. Гэта сімвал пераемнасці пакаленняў, таго, што ў любую хвіліну беларусы могуць устаць усім народам на абарону сваёй Радзімы. "Мы мірныя людзі, а наша галоўная мэта - будаўніцтва моцнай і квітнеючай Беларусі, - адзначыў губернатар. - Таму сацыяльна-эканамічнае развіццё Віцебскай вобласці будуецца на інвестыцыйных, інавацыйных праграмах, накіраваных на развіццё энергетыкі, нафтахімічнага комплексу, машынабудавання, выкарыстанне прыродных рэсурсаў, стварэнне магутных лагістычных цэнтраў. Невыпадкова па многіх прагнозных паказчыках па выніках першага квартала 2012 года вобласць займае лідзіруючыя пазіцыі сярод рэгіёнаў рэспублікі, а па галоўным паказчыку эфектыўнасці работы - валавым рэгіянальным прадукце - забяспечаны тэмп росту 121% да студзеня-сакавіка 2011 года". Сёння ў Віцебскай вобласці пражывае 4420 ветэранаў. "Ім аказваецца ўсялякая дапамога, мы хочам, каб яны даўжэй жылі, таму што іх подзвіг не мае цаны і тэрміну даўнасці. З пакалення ў пакаленне мы будзем перадаваць Вялікую Перамогу", - заключыў Аляксандр Косінец.