Прайшоў традыцыйны турнір па дзюдо на прызы старшыні Лепельскага райвыканкама.
Прайшоў традыцыйны турнір па дзюдо на прызы старшыні Лепельскага райвыканкама. Змагацца за ўзнагароды прыехалі наймацнейшыя спартсмены з Оршы, Полацка, Наваполацка, Віцебска і Мінска. Як і ў мінулыя гады, мерапрыемства было маштабным, паўсюль панавала атмасфера баявога духу.
Некалькі гадзін доўжыліся індывідуальныя баі. Больш за семдзесят дзюдаістаў выйшлі на татамі. Самая шматлікая каманда лепельчан. Аднак усе разумеюць, галоўнае тут не колькасць, а магчымасці кожнага асобнага ўдзельніка. І яны аказаліся вялікія. Шэсць першых месцаў атрымалі выхаванцы трэнераў Георгія, Галіны і Аляксея Паповых.
Настаў урачысты момант узнагароджання пераможцаў у асабістым заліку. Павіншаваць юных спартсменаў з іх дасягненнямі прыбыў старшыня райвыканкама Барыс Ефрэмаў. Бронзавыя і сярэбраныя прызёры атрымалі медалі, Дыпломы і моцнае поцісканне рукі ад кіраўніка раёна, а залатыя медалісты ў дадатак да таго - каштоўныя прызы. Парадавала колькасць і разнастайнасць падарункаў турніру. Так, абсалютная пераможца ў сваёй вагавой катэгорыі Ганна Ганчар стала ўладальніцай набору прыстасаванняў для падводнага плавання, а мама, якая прыйшла за яе пабалець, адзначыла, што прызы ў гэтым годзе асабліва добрыя. Разам з Аняй узнагародамі за першае месца засталіся задаволены Ілья Леўко, Арцём Глушонак, Гаджымурад Дзівін, Дзмітрый Грук і Мікіта Старавойтаў. Акрамя стандартных ганаровых званняў, арганізатары адзначылі па тры дзюдаісты ў намінацыі «За волю да перамогі» і «За лепшую тэхніку». «Прыз гледачовых сімпатый» дастаўся лепельчаніну Аляксандру Пашкевічу. Срэбны прызёр чэмпіянату Еўропы Яўген Міхно быў адзначаны за высокія дасягненні электроннымі вагамі і грашовай прэміяй у памеры аднаго мільёна рублёў. Дзмітрый Грук за залаты медаль на першынстве рэспублікі заахвочаны васьмюстамі тысячамі рублёў.
Вялікай радасцю для выхаванцаў і трэнераў стала навіна: старшыня райвыканкама Барыс Ефрэмаў асабіста ацаніў стан Лепельскай СДЮШАР па дзюдо і паабяцаў дапамагчы з рамонтам.
***