26 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Спецыяльны хуткі цягнік для прыхільнікаў фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" будзе курсіраваць паміж Мінскам і Віцебскам, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік пасажырскага аддзела Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі Сяргей Лядзенка. Нягледзячы на тое, што афіцыйнае адкрыццё фестывалю пройдзе 12 ліпеня, чыгунка мае намер адправіць састаў у шлях у дзень першага канцэрта - 10 ліпеня. З Мінска цягнік будзе адпраўляцца ў 13 гадзін, а ў 16.35 яго пасажыры ўжо будуць на вакзале ў Віцебску. З фестывальнай сталіцы ў сталіцу афіцыйную можна будзе выехаць у гадзіну ночы. На мінскі вакзал цягнік прыбудзе ў 5.24. Цэны на білеты ўстаноўлены ў адпаведнасці з унутрырэспубліканскімі тарыфамі. У цягніку ёсць як плацкартныя, так і купэйныя вагоны. Першапачаткова ў складзе плануецца 10 вагонаў, аднак пры попыце іх колькасць можа быць павялічана. Спецыяльны цягнік да "Славянскага базару" БЧ адпраўляе ўжо трэці год. Па словах Сяргея Лядзенкі, ён карыстаецца попытам у пасажыраў, асабліва запатрабаваным аказваецца напрамак на Віцебск. Сёлета ў вагонах упершыню можна будзе азнаёміцца з фестывальнай праграмай. За час фестывалю пасажырапаток праз Віцебск з улікам транзіту дасягае ста тысяч чалавек. Гэта сведчыць і пра папулярнасць "Славянскага базару ў Віцебску", і пра магчымасці Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі.

БЕЛТА