19 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сіноптыкі прагназуюць слабы галалёд і туманы. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў Рэспубліканскім гідраметцэнтры. На наступным тыдні Беларусь будзе знаходзіцца пад уплывам цёплых паветраных мас. У аўторак, 20 лістапада, надвор'е на тэрыторыі краіны ў асноўным будзе вызначацца вобласцю павышанага атмасфернага ціску. Істотных ападкаў у гэты дзень сіноптыкі не прагназуюць. У начны час і ў першай палове дня на большай частцы тэрыторыі згусціцца туман, месцамі на дарогах утворыцца слабы галалёд. Вецер ноччу будзе няўстойлівы слабы, днём паўднёва-усходні ўмераны. Тэмпература паветра ноччу будзе вагацца ад мінус 3 да плюс 3 градусаў. Днём чакаецца ад нуля да 5 градусаў цяпла. Атмасферны ціск будзе расці. Як адзначылі ў гідраметцэнтры, 21-22 лістапада Беларусь па-ранейшаму будзе знаходзіцца пад уплывам вобласці павышанага атмасфернага ціску і цёплых паветраных мас, якія паступаюць з поўдня Еўропы. Характар надвор'я да сярэдзіны тыдня істотна не зменіцца. У гэтыя дні ў краіне чакаецца перавага воблачнага надвор'я. Істотных ападкаў не прагназуецца. Месцамі згусціцца туман, на некаторых участках дарог магчымы слабы галалёд. Тэмпература паветра ноччу будзе ад 3 градусаў марозу да 2 градусаў цяпла. Днём чакаецца ад мінус 1 да плюс 5 градусаў.-0-

БЕЛТА