17 жніўня, Гродна /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. Старшыня Дзяржпагранкамітэта Беларусі генерал-маёр Ігар Рачкоўскі і камандуючы службай аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы палкоўнік Вайняс Буцінас абмяркоўваюць сёння ў Гродне перспектывы супрацоўніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА. На парадку дня пытанні аб стане і перспектывах развіцця двухбаковага супрацоўніцтва па памежных пытаннях, сумесны ўдзел у праграмах міжнароднай тэхнічнай дапамогі па добраўпарадкаванні пагранічных пунктаў, а таксама рэалізацыя палажэнняў дагавора паміж краінамі аб рэжыме беларуска-літоўскай дзяржаўнай мяжы. Па словах Вайняса Буцінаса, добрай ацэнкі заслугоўвае супрацоўніцтва памежных ведамстваў дзвюх краін па розных напрамках. Так, сёлета варта чакаць пачатку рэалізацыі першых супольных праектаў тэхнічнай дапамогі, накіраваных на добраўпарадкаванне пагранічных пунктаў пропуску і паляпшэнне прапускной здольнасці па асноўных напрамках. Высокі ўзровень работы паказалі памежнікі падчас сумеснай працы па спыненні незаконнай транзітнай міграцыі. Кіраўнікі памежных ведамстваў агледзелі ўчастак мяжы, усклалі вянкі да мемарыяла загінулых воінаў-памежнікаў у Гродне. Яны таксама наведаюць пункт пропуску "Брузгі", дзе адбудзецца рабочая нарада. Па выніках рабочай сустрэчы плануецца выпрацаваць план супольных дзеянняў на 2011-2012 гады.-0-

БЕЛТА