Міжрэгіянальны фестываль творчасці інвалідаў «Зорка надзеі» пашырыў свае межы. У сёлетні – восьмы – раз на Лепельшчыне ён сабраў удзельнікаў з васьмі гарадоў вобласці.
Міжрэгіянальны фестываль творчасці інвалідаў «Зорка надзеі» пашырыў свае межы. У сёлетні – восьмы – раз на Лепельшчыне ён сабраў удзельнікаў з васьмі гарадоў вобласці. Ад тэатральных мініяцюр да рытмічных нумароў – кожная каманда старалася здзівіць гледачоў чымсьці асаблівым.
Свята пачалося яшчэ ў фае з выставы дэкаратыўна-прыкладнай творчасці. Калажы, канза, карціны алеем, вышыўка, саломка, бісерныя вырабы, арыгамі, вязаныя рэчы – разнастайныя тэхнікі, тэмы і стылістыку выбралі для сваіх работ аўтары. Дарэчы, проста на выставе жадаючыя набывалі невялікія сувеніры: для гэтага дастаткова было стаць уладальнікам латарэйнага білета.
За дзень да «Зоркі надзеі» людзі з абмежаванымі магчымасцямі каля шасці гадзін удзельнічалі ў абласным свяце-конкурсе творчасці інвалідаў. Другое месца на ім, дарэчы, заняў лепечанін Дзяніс Аблаушка. Зрэшты, па запале і аптымізме канкурсантаў нельга было сказаць, што іх знясілілі папярэднія выступленні і ў кагосьці не хапае сіл.
Як хуткія, так і павольныя танцы на «Зорцы надзеі» паказалі дзеці з Новалукомля. Абвергнуць стэрэатып, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі не танцуюць, кіраўнік іх групы «Парус надзеі», спецыяліст аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Чашніцкага ТЦСАН Наталля Тамашова вырашыла яшчэ ў студзені мінулага года. Менавіта тады пры цэнтры арганізавала групу «Ключ да здароўя». Паспрабавалі з расцяжак на падлозе, з простых рухаў – і пайшло… Наталля Мікалаеўна, якая прапрацавала 32 гады кіраўніком узорнага ансамбля «Светлячок» Палаца культуры ў Віцебску, сама напісала аздараўленчую праграму. Цяпер у іх групе дзесяць чалавек, адрэпетавана пяць нумароў. У адной з кампазіцый удзельнічае нават калясачнік. Дарэчы, з сёлетняга абласнога свята-конкурсу творчасці інвалідаў яны прыехалі з трэцім месцам за намінацыю «харэаграфічнае мастацтва».