Пакуль адны аграрыі змагаюцца за ўраджай у полі, іншыя на фермах імкнуцца да высокіх прываг
Адным з такіх працавітых работнікаў з'яўляецца Марыя Бойдачэнка, якая ўжо 3 гады працуе аператарам па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы МТФ “Чарэйшчына”
Абслугоўваемае пагалоўе ў Марыі складае больш за 50 жывёл. Яна строга выконвае тэхналогію кармлення і даглядае за імі, як за хатнімі ўлюбёнцамі. Такое трапяткое і адказнае стаўленне да сваёй працы і да жывёл, якія знаходзяцца пад яе апекай, спрыяе добрым прыбаўкам вагі і высокім паказчыкам работы. Марыя не лічыць абцяжарлівым затрымацца на працы, каб праверыць кармушкі — менавіта таму ў яе ўсё атрымліваецца!
— Каб жывёлам было камфортна, я сачу за чысцінёй у стойлах і своечасова кармлю якаснымі кармамі. Адным словам, строга выконваю тэхналогіі, і цяляты растуць на вачах, — дзеліцца Маша. Яна таксама ўважліва сочыць за станам здароўя сваіх падапечных.
Наша суразмоўніца не першы год з'яўляецца перадавіком вытворчасці ў сферы жывёлагадоўлі. Да працаўладкавання ў сельгаспрадпрыемства Маша працавала ў аддзяленні кругласутачнага прабывання «Святліца» ТЦСАН Лепельскага раёна, дзе даглядала за людзьмі пажылога ўзросту.
Родам яна з вёскі Двор Бабча, выхоўвае дваіх сыноў — Ягора і Захара. Старшага сына называе сваёй правай рукой: — Ён мне ва ўсім дапамагае па доме: і касіць, і прыбіраць, і нават гатаваць абед.
Сама Маша вырасла ў шматдзетнай сям'і, дзе акрамя яе выхоўваліся яшчэ трое братоў. Даводзілася дапамагаць па доме, таму не баіцца працы, многае ўмее рабіць. У мінулым годзе дзяўчына была абрана ў склад абласной дэлегацыі на рэспубліканскае мерапрыемства ў Мінску, што падкрэслівае яе актыўную жыццёвую пазіцыю і імкненне да развіцця.
Такім чынам, Маша з'яўляецца прыкладам таго, як любоў да сваёй справы і адказнасць могуць прывесці да высокіх вынікаў не толькі ў працы, але і ў жыцці.