Другая я... Пад такой назвай сёння ў раённым Доме культуры адбыўся вялікі сольны канцэрт, ужо 6-ы па ліку, Ганны Шаркоўскай. Поўная зала, мора энергіі і гучныя апладысменты -- на працягу амаль двух гадзін музыка са сцэны ў прамым сэнсе зачароўвала дарослых і дзяцей.

Адзначым адразу, што Ганна – цымбалістка, імя якой шырока вядома не толькі ў нашым раёне, але і ў Беларусі. Пацвярджэннем таму з'яўляюцца яе нядаўнія інтэрв'ю для абласнога тэлебачання, а таксама рэспубліканскіх каналаў "БТ", "Мір" і іншых. Акрамя гэтага, у мінулым годзе Ганна атрымала Падзяку Міністра культуры за шматгадовую добрасумленную працу і прафесіяналізм.
Як вядома, рэпертуарны дыяпазон цымбалісткі – ад класічнай музыкі да твораў сучасных кампазітараў і рок-музыкі. І ўсё гэта яна паспела прадэманстраваць на сцэне ў гэты вечар для жыхароў раёна і не толькі… Як аказалася, у зале знаходзіліся нават грамадзяне з Расіі.
Канцэрт прайшоў у вельмі цёплай і сяброўскай атмасферы, як, зрэшты, і заўсёды. Усе нумары суправаджаліся бурнымі апладысментамі слухачоў.
Па поглядах у зале на працягу ўсяго канцэрта было відаць, што яны не могуць адарвацца ад таго, што адбываецца на сцэне. Кожны нумар — гэта асобная гісторыя, але яны разам утвараюць унікальны агульны сюжэт.
У канцы мерапрыемства гледачы падзякавалі Ганну за падараваны настрой і эмоцыі, а Ганна, у сваю чаргу, выказала шчырую ўдзячнасць сваёй творчай камандзе і ўсім гледачам!
-- Некалькі гадоў запар прыходжу паслухаць сваю любімую выканаўцу -- цымбалістку Ганну Шаркоўскую, на выступах якой заўсёды шматлюдна. Нават многія слухачы не стрымліваюць сваіх эмоцый і пачынаюць танцаваць пад яе запальныя мелодыі, -- кажа Аляксандра Міхно.
-- Праграма дзяўчыны заўсёды насычаная новымі і старымі, усім вядомымі і любімымі хітамі, а таксама віртуознай ігрой на музычным інструменце. Гэта сапраўдны выбух эмоцый, -- дадаў Андрэй Сімановіч.
-- Аня, як выбіраеце кампазіцыі для сябе?
-- У першую чаргу музыка павінна падыходзіць для выканання на цымбалах і, вядома, падабацца мне. Калі мне не па душы кампазіцыя, я проста не змагупрапусціць яе праз сябе і падарыць зарад энергіі гледачу.
-- Не ўяўляю, як вы можаце на працягу некалькіх гадзін граць на цымбалах, адначасова ўсміхацца публіцы, ды яшчэ і прытанцоўваць.
-- У канцы канцэрта рук не адчуваю наогул. Для такой гульні патрэбна яшчэ і добрая фізічная форма, на што я не скарджуся, -- смяецца мая суразмоўніца.
-- Хто вас падтрымлівае на канцэртах?
–- Без сваёй каманды з раённага Дома культуры я б такога поспеху не дамаглася. З калегамі нам давялося ўдзельнічаць у шматлікіх канцэртах, выступаць на лепельскіх сцэнах у РДК, летнім амфітэатры, ва ўстановах і на многіх прадпрыемствах раёна. Калі супрацоўнікі-хлопцы выносяць інструмент на сцэну, заўсёды жартуюць, што прыладзяць да яго колы. Бо важаць цымбалы каля 7 кілаграмаў.
Апроч каманды са мной на канцэрты па магчымасці ездзіць мама -– мой анёл-ахоўнік. Менавіта яна калісьці прывяла мяне ў школу мастацтваў, дзе я палюбіла музыку і цяпер не расстаюся з ёй ні на хвіліну. Свой сольны канцэрт я прысвячаю сваёй любай матулі.
Нагадаем, што пасля ДШМ Ганна скончыла Віцебскі музычны каледж імя Івана Салерцінскага і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. П.М. Машэрава. Два гады працавала ў заслужаным аматарскім калектыве — ансамблі танца «Лявоніха». Маладым спецыялістам вярнулася ў родны горад.
-- Мне давялося пабачыць свет, і ўсё роўна я вярнулася ў Лепель, таму што тут мае блізкія, мой гледач, які мяне ведае і цэніць.
Ганна -- двойчы лаўрэат Рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу «Новыя імёны Беларусі», трохразовы пераможца рэспубліканскага фестывалю «Студэнцкая аграрная вясна ў Віцебску», лаўрэат першай ступені Міжнароднага фестывалю ў Балгарыі «Хваля ідэй» і Міжнароднага фестывалю «Вясёлка над Віцебскам», лаўрэат першай ступені на завочным міжнародным конкурсе ў Чэхіі. І гэта не поўны спіс узнагарод лепяльчанкі. Але ўсё ж галоўным сваім дасягненнем яна лічыць любоў гледача.
Папулярнай Ганна стала і ў сацыяльных сетках, куды выкладвае свае новыя трэкі. Так, напрыклад, у яе мільёны праглядаў у TikTok. Папулярнасць яе акаўнта хутка расце як сярод падлеткаў, так і людзей сярэдняга ўзросту. Ёсць ролікі, у якіх больш за 500 тысяч праглядаў.
-- Аня, як вам удалося дамагчыся такой папулярнасці ў гэтай сетцы?
-- Важна займацца любой справай шчыра і не думаць толькі пра падпісчыкаў. Я заўсёды прапускаю праз сябе тое, што хачу данесці праз свае ролікі. Лічу, што

Любы канал не павінен быць пустышкай. І тады ўсё атрымаецца!
Жадаем Ганне, каб улюбёныя рытмы рабілі яе жыццё больш насычаным, яркім і энергічным.
Каб мелодыя ніколі не сціхала ў яе душы і дарыла шчасце ўдзячным слухачам.
Наталля Храпавіцкая.