З мэтай папярэджання пажараў і гібелі людзей на іх работнікі Лепельскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях арганізавалі работу інфармацыйна-пазнавальных пляцовак пад назвай «Пост Бяспекі» ў харчовых крамах.

Прадстаўнікі службы выратавання нагадалі грамадзянам пра важнасць выканання правілаў пажарнай бяспекі, асабліва ў халодны час года, калі павялічваецца рызыка ўзнікнення пажараў з-за няправільнага ацяплення. Растлумачылі, як правільна выкарыстоўваць абагравальныя прыборы, якія меры засцярогі неабходна выконваць пры эксплуатацыі печаў і камінаў, а таксама як пазбегнуць перагрэву электраправодкі.

– Пры выкарыстанні печанага ацяплення неабходна пераканацца, што печ знаходзіцца ў пажарабяспечным стане: перад дзверцамі топкавай камеры прыбіты прадтопачны ліст памерам не менш за 50х70 см, няма скразных расколін, на гарышчы коміны атынкаваны і пабелены. Час топкі печы не павінен перавышаць трох гадзін, – звярнулі ўвагу ратавальнікі.

Акрамя таго, асаблівую ўвагу работнікі МНС удзялілі ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Яны расказалі пра тое, як гэты просты і даступны прыбор можа выратаваць жыцці і маёмасць. Падкрэслілі важнасць рэгулярнай праверкі працаздольнасці апавяшчальнікаў і іх замены па меры неабходнасці.

– Падобныя мерапрыемствы спрыяюць павышэнню ўзроўню дасведчанасці насельніцтва аб правілах бяспекі. Гэта важны крок да стварэння больш бяспечнага асяроддзя для ўсіх жыхароў нашага раёна, – падкрэслілі работнікі раённага аддзела па НС.