З мэтай папярэджання пажараў і гібелі людзей на іх інспектар прапаганды Лепельскага раённага аддзела па НС арганізавала работу інфармацыйна-пазнавальнай пляцоўкі пад назвай «Пост Бяспекі» ў харчовых крамах аграгарадка Стаі.
Тут інспектар правяла тлумачальную працу з кожным пакупніком, навучыўшы яго, як папярэдзіць пажар у жыллі, уратаваць ад агню здароўе, жыццё і маёмасць.
Падчас правядзення прафілактычных гутарак работнік МНС распавядала пакупнікам пра пажары, якія адбыліся на тэрыторыі раёна, тлумачыла іх прычыны, дэманстравала аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які штогод апраўдвае сваё прызначэнне дзясяткамі выратаваных жыццяў.
Асаблівая ўвага падчас гутарак аб бяспецы была ўдзелена правілам эксплуатацыі печаў, бытавых катлоў, электрычных абагравальнікаў і ўсіх электрапрыбораў, якія выкарыстоўваюцца ў быце.
Прадстаўнік МНС таксама нагадала, да чаго можа прывесці дуэт «цыгарэта+алкаголь», патлумачыла, як папярэдзіць пры курэнні пажаранебяспечныя сітуацыі.
Разам з прадуктамі харчавання людзі забіралі з сабой карысныя веды аб бяспецы. На памяць ім былі ўручаны тэматычныя памяткі з важнымі рэкамендацыямі па бяспецы жыццядзейнасці.