9 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Каля сотні экспанатаў будзе прадстаўлена на выставе "Край лясоў і азёр", прымеркаванай да 75-годдзя ўтварэння Віцебскай вобласці, у музеі беларускага кнігадрукавання - філіяле Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, расказала карэспандэнту БЕЛТА загадчыца філіяла Алена Шумовіч. Адкрыццё выставы запланавана на 18 студзеня. Большую частку экспазіцыі складуць друкаваныя выданні - кнігі, брашуры, перыёдыка, у якіх гаворка ідзе пра паўночны рэгіён Беларусі, яго гісторыю, культуру, прозаічныя творы, прысвечаныя азёрнаму краю, фотаальбомы, выданні пра гарады вобласці - Віцебск, Полацк, Наваполацк, Оршу. Асаблівае месца будзе адведзена поўнаму збору гісторыка-дакументальных хронік "Памяць", выдадзеных раёнамі вобласці. Сярод экспанатаў ёсць і кнігі - лаўрэаты нацыянальных конкурсаў "Мастацтва кнігі", у якіх распавядаецца пра вобласць. Разам з кнігамі будуць прадстаўлены значкі, маркі, канверты, якія вырабляліся да памятных падзей, звязаных з Віцебшчынай або яе ўраджэнцамі. Віцебская вобласць была створана 15 студзеня 1938 года. У структуры прамысловай вытворчасці рэспублікі рэгіён займае каля 16%. Забяспечваецца 50% вытворчасці металарэзных станкоў рэспублікі, 29% бензіну аўтамабільнага, 41% дызельнага паліва, 50% нафтавага паліва, 80% змазачных алеяў, 26% сінтэтычных валокнаў, 36% вокнаў, драўляных дзвярэй, 100% ільняных тканін, 99% адзення і аксесуараў з натуральнага футра, 98% дываноў і дывановых вырабаў, 87% аптычных прыбораў, 42% абутку, 28% расліннага алею, 29% малочных кансерваў. Музей беларускага кнігадрукавання з'яўляецца адным з адзінаццаці музеяў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Музей прысвечаны кнізе ва ўсіх яе аспектах, ад першых рукапісных скруткаў да сучаснай кнігі, знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй стварэння пісьменнасці, пісьмовых прылад, кніжнай ілюстрацыі, паліграфіі. Ён з'яўляецца адзіным у Беларусі музеем такога тыпу. Экспазіцыйная плошча музея складае 928 кв.м. Экспазіцыя музея размяшчаецца ў 15 залах, на двух паверхах, дэманструецца 2,5 тыс. музейных экспанатаў.-0-

БЕЛТА