Палачане на славу горада і да яго юбілею зробяць 1150 добрых спраў
11.3.20120 праглядаў
11 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Полачане зробяць 1150 добрых спраў на славу свайго горада. Акцыя з такой назвай абвешчана ў Полацку ў сувязі з падрыхтоўкай да юбілейных урачыстасцей. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па справах моладзі Полацкага гарвыканкама Таццяна Красько.
Ініцыятыва належыць членам БРСМ і падтрымана мясцовымі ўладамі. Добрыя справы - гэта і творчыя конкурсы, і спартыўныя спаборніцтвы, і фестывалі, і грашовая падтрымка. Напрыклад, моладзь старажытнага Полацка вырашыла падарыць аднаму з гарадскіх двароў дзіцячую пляцоўку.
Вынікі акцыі будуць падведзены падчас святкавання 1150-годдзя горада. Аўтары самых яркіх і запамінальных спраў будуць адзначаны, запэўніла Таццяна Красько.
Юбілейныя мерапрыемствы пройдуць у Полацку з 25 мая да 5 чэрвеня. Падрыхтоўка да іх ідзе поўным ходам. Яркімі падзеямі абяцаюць стаць канцэрт "Шэдэўры опернага мастацтва ля сцен старажытнай Сафіі", фестываль сярэднявечнай культуры "Рубон", гістарычны спектакль народнага тэатра "Пілігрым" з удзелам артыстаў тэатра імя Якуба Коласа, дзіцячы мастацкі пленэр, міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, арганізаваная Нацыянальнай акадэміяй навук і Полацкім дзяржуніверсітэтам. Пад эгідай праваслаўнай царквы ў горадзе будуць арганізаваны фестываль званоў, канцэрт духоўнай музыкі і спеваў, хрэсны ход і супольнае набажэнства царкоўных іерархаў, прысвечаныя дню памяці прападобнай Ефрасінні Полацкай. Падчас урачыстасцей у горадзе будуць працаваць дзіцячая, моладзевая, літаратурная, фальклорная і іншыя тэматычныя пляцоўкі.
Як паведамлялася, ЮНЕСКА ўключыла 1150-годдзе Полацка ў каляндар памятных дат 2012-2013 гадоў. У штаб-кватэры гэтай міжнароднай арганізацыі ў Парыжы ў кастрычніку 2012 года адкрыецца тэматычная выстава. Таксама пры фінансавай падтрымцы ЮНЕСКА ў Полацку пройдзе навукова-практычная міжнародная канферэнцыя "Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі".
Полацк мае багатую і слаўную гісторыю. Адзін з найстаражытнейшых гарадоў Усходняй Еўропы ўпершыню згадваецца ў "Аповесці мінулых гадоў" пад 862 годам. Выгаднае геаграфічнае становішча "на шляху з варагаў у грэкі" спрыяла таму, што Полацк стаў адным са значных гандлёвых і культурных цэнтраў сярэднявечнай Еўропы. Горад даў свету Ефрасінню Полацкую, Францыска Скарыну, Сымона Полацкага. Адсюль родам герой абароны Порт-Артура генерал Раман Кандраценка, заснавальнік беларускага кіно Юрый Тарыч. У Полацку знаходзіцца каля 150 гістарычных каштоўнасцей, сярод якіх унікальныя помнікі старажытнай архітэктуры Сафійскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква.-0-
БЕЛТА