Полацк і Полацкі раён могуць аб'яднаць у адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку
3.10.20120 праглядаў
3 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Полацкі гарвыканкам і Полацкі райвыканкам вывучаюць грамадскае меркаванне аб магчымым аб'яднанні ў адну адміністрацыйную адзінку горада і раёна. Паведамленне пра гэта размешчана на афіцыйных сайтах выканкамаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Перадумовы для аб'яднання Полацкага раёна і Полацка склаліся на працягу апошніх гадоў у сувязі з удасканаленнем кіравання рознымі сферамі жыццезабеспячэння насельніцтва шляхам зліцця ў адну арганізацыю агульных для раёна і горада ўстаноў медыцынскага абслугоўвання, санітарна-эпідэміялагічнай службы, экалогіі, сувязі, ваенных камісарыятаў, рэгіянальных падраздзяленняў МНС, сказана ў звароце да грамадзян.
Прапанаванае аб'яднанне, на думку мясцовых улад, дазволіць больш аператыўна, мэтанакіравана і ў комплексе вырашаць пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця горада і раёна. Палепшыцца каардынацыя дзеянняў розных структур. Канцэнтрацыя матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў дасць магчымасць больш эфектыўна вырашаць пытанні развіцця сяла, паляпшаць умовы дзейнасці суб'ектаў гаспадарання. Аб'яднанне падраздзяленняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі дазволіць мець на ўжо існуючай базе магутную структуру, якая абслугоўвае на высокім узроўні аб'екты ў аграгарадках, іншых сельскіх населеных пунктах, пашыраць пералік паслуг.
Прапановы па ўдасканаленні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання на базавым узроўні падрыхтаваны з улікам прагнозу змянення колькасці насельніцтва, развіцця сістэмы яго рассялення, прыродаахоўных комплексаў, фарміравання сістэмы сацыяльнага абслугоўвання, гістарычных традыцый адміністрацыйнага ўладкавання вобласці.
Як лічаць абодва выканаўчых камітэты, рэалізацыя дадзенай прапановы не пацягне змянення велічыні даходаў, расходаў і крыніц фінансавання, дэфіцыту бюджэту, якіх-небудзь адмоўных наступстваў у дачыненні да юрыдычных і фізічных асоб, уключаючы індывідуальных прадпрымальнікаў, і не паўплывае на ўмовы вядзення бізнесу.
Згодна з артыкулам 17 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным устройстве Рэспублікі Беларусь" грамадзяне ў сферы адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўстройства маюць права выказваць меркаванні па пытаннях адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўстройства і ажыццяўляць іншыя правы, прадугледжаныя заканадаўствам. Меркаванні грамадзян па пытанні аб'яднання Полацкага раёна і Полацка ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку прымаюцца ў пісьмовай форме па адрасах выканкамаў, а таксама ў электроннай форме на адрасы афіцыйных сайтаў. Выканкамы маюць намер разглядаць прапановы грамадзян на працягу месяца - да 31 кастрычніка бягучага года.
На працягу 2002-2007 гадоў у адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку былі аб'яднаны 12 гарадоў і раёнаў: Жлобінскі раён і Жлобін, Кобрынскі раён і Кобрын, Рэчыцкі раён і Рэчыца, Светлагорскі раён і Светлагорск, Слонімскі раён і Слонім, Лідскі раён і Ліда, Маладзечанскі раён і Маладзечна, Лепельскі раён і Лепель, Слуцкі раён і Слуцк, Барысаўскі раён і Барысаў, Салігорскі раён і Салігорск, Мазырскі раён і Мазыр.-0-
БЕЛТА