Полацк збіраецца навучыць сваіх гараджан энергазберажэнню ў Дні энергетыкі
18.6.20120 праглядаў
18 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Полацк збіраецца навучыць сваіх гараджан энергазберажэнню ў Дні энергетыкі, расказала карэспандэнту БЕЛТА начальнік планова-эканамічнага аддзела камунальнага ўнітарнага прадпрыемства ЖКГ Полацка Анастасія Адамовіч.
Практычная рэалізацыя еўрапейскай стратэгіі "20-20-20", удзельнікам якой стаў Полацк, падпісаўшы ў 2011 годзе Пакет мэраў, працягваецца. З 22 па 29 чэрвеня ў старажытным горадзе пройдуць Дні энергетыкі, галоўнай мэтай якіх з'яўляецца прыцягненне да энергазберажэння як мага большай колькасці жыхароў, у першую чаргу юных гараджан. Для іх пройдзе Дзень адкрытых дзвярэй на Полацкай ЦЭЦ і ў "Полацкводаканале". Школьнікі стануць удзельнікамі конкурсу "Мы за 20-20-20!", велапрабегу "Я за чыстае паветра". Сярод шматдзетных сем'яў, у якіх выхоўваецца больш за пяць дзяцей, пройдзе конкурс сямейных насценных газет "Я зберагаю дома". Па словах Анастасіі Адамовіч, усіх пераможцаў конкурсаў чакаюць прызы. Для шматдзетных сем'яў падарункі асаблівыя - сертыфікаты на набыццё электратэхнікі з нізкім энергаспажываннем.
Убаку ад Дзён энергетыкі не застануцца і дарослыя. Для іх арганізуюцца рэгіянальная выстава-семінар "Аднаўляльныя крыніцы энергіі. Стан і перспектывы развіцця, энергазберагальныя тэхналогіі і абсталяванне", канферэнцыя "Ад энергазберагальнага дома да энергаэфектыўнага горада". Акрамя таго, пакупнікі бытавой тэхнікі з энергаспажываннем класа А у крамах "Гарызонт", "Газтавары", "1000 дробязяў", ААТ "Дом гандлю" з 20 па 29 чэрвеня ў падарунак атрымліваюць энергазберагальныя лямпачкі. Для ўсіх без выключэння жыхароў Полацка пройдзе прэзентацыя пілотнага праекта "Мадэрнізацыі вулічнага асвятлення па праспекце Францыска Скарыны".
На цэнтральным праспекце горада замест састарэлых устаноўлены 75 энергазберагальных свяцільнікаў. Пастаўшчыком высокаэфектыўнага абсталявання стала вытворча-канструктарскае прадпрыемства "ЦКБ" Нацыянальнай акадэміі навук. Ад традыцыйных свяцільнікаў святлодыёдныя лямпы адрозніваюцца працяглым, да 15 гадоў, тэрмінам службы і высокай светлавой эфектыўнасцю. Яны эканомяць да 30% энергіі, у іх няма шкодных ртуцьзмяшчальных рэчываў, яны вібраўстойлівыя, электра- і выбухабяспечныя. Замена асвятлення абышлася ў 42 тыс. еўра і з'явілася пілотным праектам зацверджанага Полацкім гарвыканкамам Плана ўстойлівага энергетычнага развіцця, які распрацаваны пры рэалізацыі праекта Еўрапейскага саюза "SURE: Устойлівае развіццё энергетыкі ў гарадах рэгіёна - еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства на шляху да "Пакта мэраў". Полацк стаў першым з гарадоў Беларусі, які падпісаў Пакт мэраў і далучыўся да гэтай глабальнай еўрапейскай ініцыятывы, заявіўшы тым самым пра намер дамагчыся да 2020 года скарачэння выкідаў вуглякіслага газу не менш чым на 20%, павялічыць долю выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі да 20% і павысіць энергаэфектыўнасць на 20%.
Як адзначыла Анастасія Адамовіч, замена свяцільнікаў і Дні энергетыкі - толькі першыя крокі на энергаэфектыўным шляху Полацка. Да канца 2013 года ў Полацку плануюць таксама распрацаваць план устойлівай гарадской мабільнасці. Ён злучыць у адну сістэму веладарожкі, месцы парковак і развязкі, вызначыць зоны без руху аўтатранспарту з мэтай мінімізацыі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.
Праект "SURE: Устойлівае развіццё энергетыкі ў гарадах рэгіёна Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства - на шляху да Пакта мэраў" рэалізуецца па праграме ЕС CIUDAD. Праект разлічаны на 30 месяцаў, яго бюджэт складае каля 790 тыс. еўра. Праект закліканы спрыяць устойліваму развіццю энергетыкі ў двух гарадах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства (ЕГДП) - Полацку і Сале (Марока) - шляхам іх далучэння да Пакта мэраў і прыняцця на сябе абавязацельстваў па рэалізацыі стратэгіі ЕС, вядомай як "20-20-20". Партнёрамі праекта з'яўляюцца адміністрацыі гарадоў Фрыдрыхсхафен (вядучы партнёр, Германія), Мурсія (Іспанія), Сале (Марока), Полацкі гарадскі выканаўчы камітэт (Беларусь) і Міжземнаморская камісія Канферэнцыі марскіх перыферыйных рэгіёнаў (Францыя).-0-
БЕЛТА