ААТ "Полацк-Шкловалакно" плануе завяршыць праект будаўніцтва цэха па вытворчасці тэрмахімаапрацаваных электраізаляцыйных матэрыялаў для фальгіраваных дыэлектрыкаў у I квартале 2020 года.
ААТ "Полацк-Шкловалакно" плануе завяршыць праект будаўніцтва цэха па вытворчасці тэрмахімаапрацаваных электраізаляцыйных матэрыялаў для фальгіраваных дыэлектрыкаў у I квартале 2020 года. Пра гэта паведаміў журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, генеральны дырэктар прадпрыемства Андрэй Бунакоў.
"Наша прадпрыемства экспартна арыентаванае (92% прадукцыі пастаўляецца за мяжу), што дыктуе свае ўмовы. Мы сочым за тэндэнцыямі на рынку, і будаўніцтва дадзенага цэха - неабходны крок. Гэта дасць нам магчымасць дадаткова апрацоўваць 2 млн м шклотканіны, якая будзе запатрабавана на перспектыўным рынку фальгіраваных дыэлектрыкаў, з чаго робяць друкаваныя платы. Галіна радыёэлектронікі, у якой іх задзейнічаюць, актыўна расце. У I квартале 2020 года плануем у поўнай меры ўвесці ў працу новы цэх", - распавёў гендырэктар.
Ён дадаў, што на прадпрыемстве ўдзяляецца ўвага ўсім напрамкам дзейнасці. Цяпер завяршаецца рэалізацыя праектаў па мадэрнізацыі шклоплавільнай печы №9. У канцы ліпеня 2018 года ўведзены першы пускавы комплекс аб'екта. У цяперашні час вядуцца работы па другім. Завяршаецца таксама рэканструкцыя шклоплавільнай печы №5 па вытворчасці крэмнезёмавага валакна. Акрамя таго, прадпрыемства збіраецца мадэрнізаваць вытворчасць высокатэрмаўстойлівай прадукцыі.
"Полацк-Шкловалакно" наведаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шэрстнёў. Ён прайшоўся па цэхах прадпрыемства, азнаёміўся з прадукцыяй і рэалізацыяй розных праектаў. "Прадпрыемства з кожным годам набірае добрыя тэмпы росту. Тыя праекты, якія плануецца ў бліжэйшыя гады рэалізаваць на "Полацк-Шкловалакно", дастаткова амбіцыйныя. Паглядзеўшы вытворчасць, пагутарыўшы ў канцэрне "Белнафтахім", прыйшлі да таго, што важна не ўпусціць час, каб прадпрыемства не апынулася за бортам. Сумесна з канцэрнам мы павінны прадстаўляць праграму развіцця прадпрыемства", - сказаў Мікалай Шэрстнёў.
Ён адзначыў, што ў цэлым у 2018 годзе прамысловасць Віцебскай вобласці працуе ўстойліва, ёсць добрыя паказчыкі. Але самаспакойвацца ніяк нельга, трэба не проста стабільна працаваць, а актыўна развівацца для эфектыўнай працы на дзесяцігоддзі.