10 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Адкрытае акцыянернае таварыства "Полацк-Шкловалакно" ў 2012 годзе завершыць рэалізацыю праекта па арганізацыі вытворчасці канструкцыйных шкломат з рубленага валакна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама. Шкломаты прызначаны для вытворчасці шклопластыкавых вырабаў, якія ўжываюцца ў прамысловасці, на транспарце. "Полацк-Шкловалакно" мае намер выпускаць гэту новую прадукцыю аб'ёмам 3,6 тыс. т у год. Каментуючы паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь на 2012 год, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў 30 снежня, у аблвыканкаме падкрэслілі, што для іх выканання прадпрыемствам вобласці трэба максімальна выкарыстоўваць вытворчы і працоўны патэнцыял, актывізаваць работу на знешніх рынках, праводзіць далейшае тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю, ствараць новыя вытворчасці. Акрамя ААТ "Полацк-Шкловалакно" новыя віды прадукцыі маюць намер асвоіць ААТ "Віцебскі завод радыёдэталей "Маналіт". У межах рэалізацыі 2-га і 3-га этапаў інвестпраекта "Мадэрнізацыя вытворчасці тэрмарэзістараў і кандэнсатараў" прадпрыемства збіраецца ўкласці Br4 млрд. і забяспечыць выпуск інавацыйнай прадукцыі на суму каля Br19 млрд. Буйныя праграмы па тэхпераўзбраенні гатовыя рэалізаваць акцыянерныя таварыствы "Віцебскія дываны", "Віцебскі камбінат шаўковых тканін", "Малако". Акрамя таго, у вобласці рэалізуецца рэгіянальная праграма інвестыцыйнага і інавацыйнага развіцця на 2011-2015 гады, якая ўключае звыш 550 мерапрыемстваў у розных галінах эканомікі і сацыяльнай сферы. Толькі за першы год рэалізацыі праграмы асвоена Br7 трлн., створана 65 новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, выпушчана прадукцыі на Br47 млрд. У 2012 годзе рэгіянальнай праграмай прадугледжана асваенне Br8,5 трлн. і стварэнне не менш за 100 новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, у асноўным у малых гарадах і сельскіх населеных пунктах.