30 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Полацк упершыню прыняў удзел у штогадовай цырымоніі Пакта мэраў, якая прайшла ў Брусэлі 29 лістапада, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім гарвыканкаме. Старажытны горад, падпісаўшы ў верасні бягучага года Пакт мэраў, стаў першым беларускім удзельнікам еўрапейскай ініцыятывы па энергазберажэнні і экалогіі. У межах цырымоніі Пакта мэраў таксама прайшоў форум, на якім абмяркоўвалася значэнне і перспектывы развіцця гэтай ініцыятывы. На думку старшыні Полацкага гарвыканкама Аляксандра Пазняка, форум з'яўляецца прадуктыўным спосабам абмеркавання праблем. "Такі фармат дае магчымасць кіраўнікам мясцовых органаў улады сустрэцца з высокапастаўленымі прадстаўнікамі еўрапейскіх інстытутаў для абмеркавання сумесNых мерапрыемстваў па развіцці энергетыкі. Не сумняваюся, што гэты дыялог дасць дадатковы імпульс да дасягнення мэт па энергазберажэнні як у Еўропе ў цэлым, так і ў горадзе Полацку ў прыватнасці", - сказаў старшыня Полацкага гарвыканкама. Цырымонія Пакта мэраў праходзіць кожны год. Прадстаўнікі гарадоў, якія падпісалі Пакт мэраў, а таксама структуры і арганізацыі, якія аказваюць падтрымку гэтай ініцыятыве, збіраюцца разам, каб на еўрапейскім узроўні заявіць аб сваім намеры дамагчыся скарачэння выкідаў вуглякіслага газу, прынамсі, на 20% да 2020 года, а таксама прадставіць вынікі сваёй дзейнасці ў гэтым напрамку. У бягучым годзе цырымонія Пакта мэраў аб'яднала больш за тысячу ўдзельнікаў, сярод якіх кіраўнікі найбуйнейшых рэгіёнаў і гарадоў Еўропы, такіх як Лондан, Мюнхен, Бухарэст, Рым, Варшава, а таксама высокапастаўленыя еўрапейскія чыноўнікі. У межах праекта Еўрасаюза SURE "Устойлівае развіццё энергетыкі ў гарадах рэгіёна Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства - на шляху да Пакта мэраў" у Полацку распрацаваны план устойлівага энергетычнага развіцця да 2020 года. Гэты план будзе прадстаўлены на разгляд Полацкага Савета дэпутатаў у пачатку наступнага года. Рэалізацыя мерапрыемстваў плана дазволіць Полацку значна скараціць энергаспажыванне і павысіць энергаэфектыўнасць.-0-

БЕЛТА