23 снежня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Навагодняя дабрачынная акцыя "Шчасце тым, хто дорыць – удвая шчаслівейшыя", удзельнікамі якой становяцца маладыя сем'і, а таксама малазабяспечаныя сем'і з дзецьмі, праходзіць у Полацку. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Полацкім райвыканкаме.
У маладых людзей, якія рэгіструюць шлюб у дні калядных і навагодніх святаў, ёсць магчымасць падзяліцца часцінкай свайго шчасця і зрабіць падарунак дзецям з малазабяспечаных сем'яў. "Інфармацыя аб сем'ях знаходзіцца ў навагодніх шарах, якімі ўпрыгожана ёлка ў аддзеле ЗАГС Полацкага райвыканкама. За тыдзень да рэгістрацыі жаніх і нявеста здымаюць з навагодняга дрэва адну цацку і такім чынам даведваюцца, для каго яны будуць тварыць дабро. А ўжо ў дзень шлюбу маладая сямейная пара пакідае пад ёлкай навагодні падарунак для сваіх падапечных", - растлумачылі ў райвыканкаме.
Пакінуць падарунак пад ёлкай у аддзеле ЗАГС Полацкага райвыканкама можна будзе да 19 студзеня 2014 года.
Завершыцца сямейная дабрачынная акцыя святочным чаяваннем. За круглы стол будуць запрошаны малазабяспечаныя сем'і, якім арганізатары акцыі (РА ГА "Беларускі саюз жанчын", аддзел ЗАГС Полацкага райвыканкама, камісія па справах непаўналетніх Полацкага райвыканкама) уручаць навагоднія падарункі з добрымі пажаданнямі ад маладых.
Навагодняя дабрачынная акцыя "Шчасце тым, хто дорыць – удвая шчаслівейшыя" накіравана на павышэнне статусу сям'і, аказанне матэрыяльнай дапамогі малазабяспечаным, прафілактыку сацыяльнага неблагопалучча ў грамадстве. -0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)