16 верасня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. ААТ "Полацктранснафта Дружба" просіць у латвійскага суда не толькі прызнаць права ўласнасці на 110 тыс.т тэхналагічнай нафты ў магістральным нафтаправодзе Полацк-Вентспілс, але і абавязаць ТАА "ЛатРосТранс" пакрыць страты, выкліканыя незаконным выцясненнем больш за 40 тыс.т нафты. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў беларускім акцыянерным таварыстве. Такім чынам, ААТ "Полацктранснафта Дружба" змяніла прадмет пазову да латвійска-расійскай кампаніі. Раней гаворка ішла толькі аб праве ўласнасці на тэхналагічную нафту, якая знаходзіцца ў магістральным нафтаправодзе Полацк-Вентспілс, што належыць ТАА "ЛатРосТранс", на тэрыторыі Латвіі. Справа "Полацктранснафта Дружбы" і "ЛатРосТранса" разглядаецца ў Латвіі са снежня мінулага года. За гэты час дата разгляду справы па сутнасці некалькі разоў пераносілася, у тым ліку і з-за сустрэчных скаргаў латвійска-расійскай кампаніі. Даўгаўпілскі суд, у якім 15 верасня меркавалася разгледзець справу "Полацктранснафта Дружбы" і "ЛатРосТранса" па сутнасці, у сувязі са змяненнем прадмета пазову прыняў рашэнне аб перадачы справы ў Латгальскі акруговы суд. Пры гэтым у латвійскага боку ёсць 10 дзён на абскарджанне рашэння суда. У сувязі з гэтым дата разгляду ўжо змененага пазову беларускага прадпрыемства пакуль не прызначана. Мяркуецца, што ў выпадку адсутнасці скаргаў з боку ТАА "ЛатРосТранс" слуханне адбудзецца праз 2-3 месяцы. 16 лістапада мінулага года ТАА "ЛатРосТранс" распаўсюдзіла афіцыйнае паведамленне аб намеры пачаць выцясненне тэхналагічнай нафты са свайго ўчастка нафтаправода Полацк-Вентспілс. Пры гэтым кампанія заявіла аб праве ўласнасці на тэхналагічную нафту і "законных правах" на яе выманне з трубаправода. ТАА ў аднабаковым парадку скасавала дагавор арэнды памяшкання з прадстаўніцтвам НРУПТН "Дружба" (у цяперашні час ААТ "Полацктранснафта Дружба") у Латвіі, чым абмежавала яму доступ на прыёма-здатачны пункт "Вентспілс". 25 лістапада ТАА "ЛатРосТранс" прыступіла да зліву нафты.