13 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Сальда знешняга гандлю з улікам рознічнай сеткі ЗАТ "Белвест Рытэйл" і ППУП "Белвест Імпэкс" за студзень-лістапад бягучага года склала больш за $11 млн., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Дзмітрый Ганцоў. Дамагчыся гэтага ўдалося дзякуючы актыўнай працы з замежнымі пакупнікамі і шырокай сетцы фірменнага гандлю за межамі Беларусі. У цяперашні час амаль 62% вырабленага абутку экспартуецца. Тавараправодзячая сетка ў Расійскай Федэрацыі прадстаўлена 233 магазінамі, яшчэ 8 магазінаў працуюць у дзяржавах ЕС, 39 - у Беларусі. Аб дынамічным развіцці прадпрыемства сведчыць далейшае пашырэнне тавараправодзячай сеткі. Па словах Дзмітрыя Ганцова, ужо да канца бягучага года агульная колькасць магазінаў дасягне 300, а ў 2013 годзе "Белвест" плануе адкрыць 150 гандлёвых аб'ектаў за межамі Беларусі. Разам з тым, "Белвест" не мае намеру здаваць пазіцыі і на айчынным рынку. Менавіта з беларускіх фірменных магазінаў прадпрыемства пачнецца рэбрэндынг гандлёвых аб'ектаў, якія стануць яшчэ зручнейшымі для пакупнікоў і прадставяць для іх большыя магчымасці выбару. Беларуска-расійскае СТАА "Белвест" з'яўляецца адным з найбуйнейшых у Беларусі вытворцаў абутку. Прадпрыемства створана ў чэрвені 1988 года пры ўдзеле віцебскай абутковай фабрыкі "Чырвоны Кастрычнік" і кампаніі SALAMANDER (Германія), з'яўляецца адным з першых сумесных прадпрыемстваў на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. У канцы 2002 года "Белвест" стаў беларуска-расійскім прадпрыемствам - долю нямецкай кампаніі выкупіла расійскае прадпрыемства "ПалітЭкс". У цяперашні час ва ўстаўным фондзе СТАА "Белвест" дзяржаве належыць 55%, астатнімі акцыямі валодае расійскі інвестар.-0-

БЕЛТА