15 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Абмен пасведчанняў ліквідатараў і пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пройдзе ў Беларусі з 1 студзеня па 31 снежня 2012 года. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам першы намеснік начальніка Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анатоль Загорскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Усяго дакументы павінны абмяняць 1,5 млн. чалавек. Пасведчанні будуць выдавацца адзінага ўзору. "Большасць чарнобыльскіх пасведчанняў выдавалася яшчэ пры Савецкім Саюзе, пазней яны перарэгістраваліся, у выніку на гэтых дакументах шмат пячатак і выпраўленняў, таму толькі спецыялісты сёння могуць устанавіць, што гэта за пасведчанне і наколькі яно сапраўднае", - адзначыў Анатоль Загорскі. Новыя пасведчанні пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый будуць выдаваць мясцовыя органы кіравання. Абмену падлягаюць пасведчанні, выдадзеныя ва ўстаноўленым парадку да 1 студзеня 2012 года. Для абмену дакумента неабходна падаць заяву ў мясцовыя органы ўлады, прадставіць арыгінал (дублікат) пасведчання ўдзельніка ліквідацыі альбо пасведчання пацярпелага, дзве фатаграфіі. Калі грамадзянін з'яўляецца інвалідам з прычыны катастрофы на ЧАЭС, ён павінен прадставіць копію пасведчання інваліда. "Гэта чыста тэхнічны абмен пасведчанняў, які не прадугледжвае ўдакладнення сапраўднасці", - сказаў Анатоль Загорскі. Ён таксама ўдакладніў, што дакументы старога ўзору будуць сапраўдныя да канца 2012 года. У той жа час у абмене пасведчання можа быць адмоўлена, калі прадстаўленыя дакументы не будуць адпавядаць патрабаванням заканадаўства, напрыклад, будуць прызнаны падложнi, падробленымі альбо несапраўднымі. Рашэнне аб адмове прымае спецыяльная камісія.-0-

БЕЛТА