18 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Далейшая дапамога дзяржавы аграрнай галіне будзе сканцэнтравана на кропкавым фінансаванні перспектыўных праектаў. Аб гэтым заявіў 15 жніўня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі па Гродзенскай вобласці, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

18 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Далейшая дапамога дзяржавы аграрнай галіне будзе сканцэнтравана на кропкавым фінансаванні перспектыўных праектаў. Аб гэтым заявіў 15 жніўня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі па Гродзенскай вобласці, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

"Будучы год павінен стаць пераломным па рабоце з зямлёй", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што ў краіне нямала зрабілі па прывядзенні ў парадак машынных двароў, збожжавых токаў, малочна-таварных, жывёлагадоўчых комплексаў, а таксама ў сацыяльнай сферы. "Цяпер трэба ўзяцца за зямлю, за інфраструктуру, за тое, за што павінна адказваць дзяржава, і меліярацыя - перш за ўсё", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Меліярацыяй мы займаемся, але слаба. Трэба падвоіць, а то і патроіць намаганні", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу на тое, што ў свеце з году ў год будзе ўзрастаць патрэба ў харчаванні. На яго думку, у Беларусі створана магутная вытворчая база, якая дазволіць атрымліваць высокі ўраджай, але пад гэта трэба шукаць зямельныя рэсурсы.

"Непрыгожа нам весці меліярацыю тымі тэмпамі, якія сёння ёсць. Мы навучыліся гэта рабіць, стварылі ў сябе практычна ўсю меліяратыўную тэхніку, таму трэба ўзмацняць працу ў гэтым напрамку", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што чакае прапаноў ад віцэ-прэм'ера Міхаіла Русага і міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца.

Прэзідэнт адзначыў, што сельская гаспадарка ў стане выйсці на самаакупнасць, а дзяржава працягне фінансаваць толькі перспектыўныя праекты.

"Настройвайцеся на працу ў сельскай гаспадарцы ўжо тымі сіламі, якія сёння ёсць. Маса тэхнікі, людзі хочуць працаваць - працуйце! Таму што асноўныя сродкі дзяржава павінна будзе накіраваць на мерапрыемствы і праграмы, за якія яна перш за ўсё адказвае: дарогі, землі, меліярацыя. Гэта галоўнае для дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт.