12 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Больш за цэнтнер адзення і сумак спрабаваўся незаконна ўвезці ў Беларусь памочнік машыніста цягніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай мытні. У пункце мытнага афармлення "Полацк" быў праведзены мытны агляд лакаматыва, які рухаўся з-за мяжы ў Беларусь, і тавараў для асабістага карыстання, якія перамяшчаў памочнік машыніста. У лакаматыве знайшлі поліпрапіленавыя мяшкі, прашытыя машынным спосабам, у якіх знаходзілася адзенне, нібыта ўжо ўжыванае. У выніку мытнага дагляду інспектары ўстанавілі, што на тэрыторыю Мытнага саюза былі ўвезены новыя тавары, адзенне, сумкі з этыкеткамі і біркамі ў колькасці 323 адзінак агульнай вагой 127,1 кг і коштам Br72,5 млн. На думку мытнікаў, характар, колькасць і прызначэнне ўвезеных тавараў першапачаткова выключаюць магчымасць іх выкарыстання памочнікам машыніста для асабістага карыстання або іншых патрэб, не звязаных з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці, што прадугледжвае дэклараванне такіх прадметаў у адпаведнасці з заканадаўствам. Паколькі яны не былі задэклараваны, то лічацца незаконна перамешчанымі праз мяжу Мытнага саюза. Тавар канфіскаваны і знаходзіцца на адказным захоўванні да заканчэння адміністрацыйнага працэсу.-0-

БЕЛТА