30 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Апекунскія саветы тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва створаны ва ўсіх адміністрацыйных раёнах Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.
Галоўнай задачай апекунскіх саветаў стане прыцягненне спонсарскай і бязвыплатнай дапамогі для аказання дадатковай падтрымкі адзінокім пенсіянерам, інвалідам, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтраў.
Як адзначылі ў камітэце, летась тэрытарыяльныя цэнтры і дамы-інтэрнаты рэалізавалі гуманітарныя праекты на Br1,9 млрд. у выглядзе тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, адзення. На развіццё і ўмацаванне матэрыяльнай базы цэнтраў у 2011 годзе мясцовыя бюджэты накіравалі Br1,4 млрд., што больш чым на траціну больш за прадугледжанае комплекснай праграмай развіцця сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на 2011-2015 гады ў Віцебскай вобласці. Гэтыя сродкі выкарыстаны на правядзенне бягучых і капітальных рамонтаў, аснашчэнне абсталяваннем аддзяленняў дзённага знаходжання інвалідаў і стварэнне камп'ютарных класаў. Аднак для паляпшэння якасці сацыяльнага абслугоўвання неабходна далейшае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтраў. Адной з першачарговых задач у камітэце лічаць набыццё спецыяльнага легкавога і грузавога транспарту для абслугоўвання аддзяленняў кругласутачнага знаходжання, інвалідаў і пажылых людзей.
Паводле даных камітэта, летась у параўнанні з 2010-м у вобласці вырасла колькасць атрымальнікаў розных відаў сацыяльнай дапамогі. Так, сацыяльную дапамогу на доме ў 2011 годзе атрымалі 13 тыс. чалавек супраць 12,6 тыс. у 2010 годзе. У 18 аддзяленнях кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў сацыяльную дапамогу атрымалі 765 чалавек (у 2010 годзе іх было 685).
У Віцебскай вобласці каля 21% насельніцтва - грамадзяне пажылога ўзросту, сярод іх 52,7 тыс. інвалідаў, 20,6 тыс. адзінокіх пажылых людзей, 4,4 тыс. ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.-0-
БЕЛТА
Апекунскія рады тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва створаны ў Віцебскай вобласці
30.4.20120 праглядаў