Папулярныя імёны

5.6.20130 праглядаў

Што ёсць у кожнага чалавека? Адказ вельмі просты – імя. Яно неабходна для ідэнтыфікацыі асобы і адрознення ад іншых. Бацькі часта падоўгу праглядаюць слоўнікі, вымаўляючы ўслых то адно, то другое. Аб намечаных тэндэнцыях у імянной модзе распавяла начальнік аддзела ЗАГС Алена Бельская.
 Святланы, Вольгі, Людмілы, Таццяны сёння, як кажуць, не ў трэндзе. У 2012 годзе на Лепельшчыне больш за ўсё нарадзілася Палін – чатырнаццаць дзяўчынак. Дар'і занялі другое па распаўсюджанасці месца – адзінаццаць, дзесяць дзяўчынак сталі Анастасіямі і дзевяць Ксеніямі. Роўная колькасць Елізавет, Валерый і Ган – па восем. Сем дзяўчынак назвалі Сафіямі, столькі ж - Міланамі, Марыямі, Дзіянамі, Варварамі і Аляксандрамі. Нікога не здзівіш ужо Кірай, Ульянай, Дарынай, Віялетай. Сярод імёнаў, якія сустракаюцца па адным, запомніліся Меланія, Кароліна, Зарына, Аляксандрына, Аміра, Адрыяна і Ясенія. У мужчынскай модзе лідзіруе Мікіта – дзевятнаццаць хлопчыкаў, Максімаў – трынаццаць, Іванаў і Арцёмаў па адзінаццаць. Ягоравых нарадзілася дзесяць. Па адным прадстаўніку імя Сцяпан, Серафім, Савялі, Леў, Дамір, Гардзей, Герман, Багдан, Арсенцій. Чым матывуюцца пры выбары бацькі? Адны рэдкасцю і незвычайнасцю, іншыя вывучаюць паходжанне і значэнне імя, уплыў на далейшы лёс малога Алена Бельская пры рэгістрацыі немаўлят кіруецца руска-беларускім і беларуска-рускім слоўнікам асабістых імёнаў Уладзіміра Сорокі. У ім утрымліваюцца афіцыйныя імёны і ўтвораныя ад іх ад бацькі, усяго звыш 2780. Іх паходжанне пераважна грэчаскае, лацінскае, агульнаславянскае і яўрэйскае. Цікава, што выбар мужчынскіх больш амаль у два разы. Цалкам магчыма назваць дзіця не па слоўніку – патрабуецца толькі пісьмовая заява ад бацькоў. Тата з мамай маюць права прыдумляць імёны, якія ўяўляюць сабой квінтэсэнцыю ўласных імёнаў. Напрыклад, у Марыны і Сяргея можа нарадзіцца сын Марсей, у Алены і Мікалая – дачка Аленіка. Яшчэ адзін цікавы момант – абрэвіятурныя імёны. У савецкі час яны карысталіся папулярнасцю – нараджаліся ідэалагічныя Сталіны, Кімы, Уладлены, Майі і г.д. Цяпер жа страцілі актуальнасць, прынамсі ў Лепелі. Рэдкасцю з'яўляюцца падвойныя імёны.
Яўгенія ЛЯХ.