21 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парадак і ўмовы аказання дзяржаўнай падтрымкі юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам зменены ў Беларусі. Гэтае рашэнне змяшчаецца ва ўказе Прэзідэнта Беларусі №127 ад 14 сакавіка 2013 года, паведамілі БЕЛТА ў аддзеле сувязяў з грамадскасцю Міністэрства эканомікі.
Дакумент прыняты для карэкціроўкі парадку і ўмоў аказання дзяржаўнай падтрымкі юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам, устаноўленых указам кіраўніка дзяржавы №182 ад 28 сакавіка 2006 года. У прыватнасці, гэтым нарматыўна-прававым актам спрашчаецца працэдура атрымання дзяржпадтрымкі ў выглядзе льгатавання часткі працэнтаў па банкаўскіх крэдытах для арганізацый, якія рэалізуюць планы мадэрнізацыі вытворчасцей. "Сутнасць спрашчэння ў тым, што ўсе арганізацыі, уключаныя ў пералік мадэрнізуемых, не абавязаны атрымліваць папярэдняе заключэнне аб мэтазгоднасці аказання дзяржаўнай падтрымкі, а непасрэдна ўносяць дакументы ў вышэйстаячыя дзяржорганы, якія рыхтуюць адпаведныя праекты рашэнняў урада", - растлумачылі ў Мінэканомікі.
Акрамя таго, унесены карэкцівы ў склад паказчыкаў, якія ўстанаўліваюцца ў якасці ўмоў аказання дзяржпадтрымкі. Цяпер для ўсіх арганізацый, якія могуць за ёй звяртацца, замест тэмпаў росту аб'ёмаў вытворчасці і рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі прадугледжаны паказчыкі па тэмпах росту прадукцыйнасці працы і рэнтабельнасці продажаў, для мадэрнізуемых прадпрыемстваў - паказчыкі па выручцы і дабаўленай вартасці на аднаго занятага. Таксама ўказ прадугледжвае адмову ад практыкі зніжэння для асобных арганізацый цэн (тарыфаў) на энергурэсурсы і прадастаўлення адтэрміновак, растэрміновак пагашэння запазычанасці па іх для скарачэння крыжаванага субсідавання.
Гэтым дакументам указы Прэзідэнта Беларусі №520 ад 3 лістапада 2005 года і №182 ад 28 сакавіка 2006-га прыводзяцца ў адпаведнасць з патрабаваннямі мытнага заканадаўства Мытнага саюза. "Прадугледжана, што зацверджаны ўказам №182 парадак прадастаўлення адтэрміновак, растэрміновак, падатковага крэдыту не распаўсюджваецца на змяненне ўстаноўленых заканадаўствам тэрмінаў выплаты мытных пошлін. Гэта абумоўлена тым, што ў цяперашні час пытанні ўстанаўлення мытных пошлін, прадастаўлення льгот па іх, змянення тэрмінаў іх выплаты рэгламентуюцца мытным заканадаўствам Мытнага саюза", - адзначылі ў ведамстве.