Парадак ажыццяўлення кантролю за праездам цяжкавагавых і (або) буйнагабарытных транспартных сродкаў па аўтамабільных дарогах агульнага карыстання удасканальваецца ў Беларусі. Адпаведны ўказ №14 "Аб сістэме дынамічнага ўзважвання" Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 11 студзеня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Указ прадугледжвае перадачу сістэмы дынамічнага ўзважвання, створанай у межах рэалізацыі праекта "Удасканаленне і мадэрнізацыя аўтамабільнай дарогі", у аператыўнае кіраванне дзяржустанове "Белаўтастрада".

Створаная сістэма дынамічнага ўзважвання дазваляе, не спыняючы транспартны паток, вызначаць транспартныя сродкі, якія рухаюцца з перавышэннем дапушчальных вагавых параметраў.

У далейшым адпаведныя звесткі будуць накіроўвацца дзяржустанове "Транспартная інспекцыя Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь", якая будзе выкарыстоўваць іх пры ажыццяўленні кантролю за праездам цяжкавагавых і (або) буйнагабарытных транспартных сродкаў па аўтадарогах агульнага карыстання.

Сістэма дазволіць забяспечыць пастаянны маніторынг усіх транспартных сродкаў на прадмет перавышэння дапушчальных вагавых параметраў у руху і спыняць толькі транспартныя сродкі, якія маюць па папярэдніх дадзеных перавышэнне дапушчальных вагавых параметраў.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)