25 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад Беларусі зацвердзіў палажэнне аб парадку правядзення электронных таргоў па продажы дзяржаўнай маёмасці, уключаючы зямельныя ўчасткі, а таксама права заключэння дагавора арэнды дзяржаўнай маёмасці, у тым ліку зямельных участкаў. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў ад 12 ліпеня 2013 года №608, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.

У адпаведнасці з пастановай прадметам электронных таргоў з'яўляюцца капітальныя будынкі (будынкі, збудаванні), ізаляваныя памяшканні, машына-месцы, незавершаныя закансерваваныя капітальныя будынкі, іншая нерухомая маёмасць, а таксама незавершаныя незаконсерваваныя капітальныя будынкі, долі ў праве агульнай уласнасці на нерухомую маёмасць і незавершаныя незаконсерваваныя капітальныя будынкі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці. Акрамя гэтага, прадметам электронных таргоў могуць стаць машыны, абсталяванне, транспартныя сродкі, іншая рухомая маёмасць, якая адносіцца да асноўных сродкаў, зямельныя ўчасткі, якія прадаюцца ў прыватную ўласнасць грамадзян Беларусі для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных, блакаваных жылых дамоў, а таксама недзяржаўных юрыдычных асоб краіны. На электронныя таргі можа выстаўляцца і права заключэння дагавораў арэнды зямельных участкаў, а таксама права заключэння дагавораў арэнды капітальных будынкаў (будынкаў, збудаванняў), ізаляваных памяшканняў, машына-месцаў, іх частак.