Адкрыты дыялог «УНС: час канкрэтных спраў» адбыўся сёння ў Лепельскім райвыканкаме пры ўдзеле дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктара Азаронка. Удзельнікамі інфармацыйнай пляцоўкі сталі маладыя супрацоўнікі з розных сфер. Гэта і ахова здароўя, і адукацыя, і спорт, і будаўніцтва, і сельская гаспадарка. Усяго – каля 100 чалавек.

Таксама ўдзел у дыялогу прымалі Святлана Шавялёва, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, Алена Прусская, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, Марына Бельчанка, памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Дар'я Пад'ячава, старшыня Савета працоўнай моладзі Лепельскага раёна, актывісты БРСМ.

У ходзе адкрытага дыялогу дэпутат абмеркаваў з моладдзю ключавыя аспекты Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь, расказаў аб прынятай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі.

— Дэпутаты беларускага Парламента працуюць з усімі катэгорыямі насельніцтва, надаючы асаблівую ўвагу, вядома, моладзі. Мы разумеем, што менавіта ад іх залежыць наша будучыня. Прыемна бачыць у зале Лепельскага райвыканкама такіх актыўных, амбіцыйных, неабыякавых маладых людзей. Кожны з іх ужо заняў сваё месца ў той ці іншай сферы і імкнецца стаць прафесіяналам. Такія сустрэчы сціраюць усе межы паміж прадстаўнікамі дэпутацкага корпуса і маладымі хлопцамі. Так у нас ёсць магчымасць пачуць новыя ідэі, свежыя, няхай нават самыя смелыя, прапановы ці заўвагі, — адзначыў Віктар Уладзіміравіч.

Не абышлося без пытанняў у адрас дэпутата. Якія задачы на бліжэйшую пяцігодку самыя важныя і перспектыўныя на ваш погляд? Ці трэба скарачаць тэрміны падрыхтоўкі спецыялістаў у сярэдніх і вышэйшых навучальных установах? У чым сакрэт доўгага і якаснага жыцця? Гэтыя і іншыя пытанні прагучалі з залы.

Дэпутат адказаў кожнаму і пажадаў маладым землякам поспехаў і моцнай веры ў сябе.