28 снежня, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. Уладальнікі інтэрнэт-кафэ ў канцы студзеня атрымаюць магчымасць ідэнтыфікаваць наведвальнікаў з дапамогай SMS. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Павел Петрулевіч. Магчымасць выкарыстання альтэрнатыўных спосабаў ідэнтыфікацыі карыстальнікаў - з дапамогай тэхнічных сродкаў фота-, відэафіксацыі або іншым праграмна-тэхнічным спосабам, уключаючы SMS-паведамленне, - прадугледжана пастановай Савета Міністраў №1191 ад 22 снежня 2012 года. "Пастанова накіравана ў першую чаргу на аптымізацыю існуючых механізмаў ідэнтыфікацыі наведвальнікаў інтэрнэт-кафэ", - адзначыў начальнік упраўлення. Па яго словах, у іншых краінах найбольшае распаўсюджванне атрымала ідэнтыфікацыя наведвальнікаў інтэрнэт-кафэ праз SMS. "Чалавек, заходзячы ў нейкую ўстанову, дзе ёсць кропка публічнага доступу, можа адправіць SMS на пэўны нумар, атрымаць логін і пароль і далей на платнай або бясплатнай аснове скарыстацца паслугамі", - растлумачыў Павел Петрулевіч. У дзеючых нормах прадугледжана, што ідэнтыфікацыя наведвальнікаў інтэрнэт-кафэ ажыццяўляецца з дапамогай дакументаў, якія сведчаць асобу. Гэта можа быць студэнцкі білет, пашпарт, пасведчанне кіроўцы. "Але ўлічваючы, што тэхналогіі не стаяць на месцы і існуюць больш эфектыўныя сродкі, сёння мы прапанавалі ажыццяўляць ідэнтыфікацыю карыстальнікаў з дапамогай праграмна-тэхнічных сродкаў", - распавёў Павел Петрулевіч. Канкрэтны спосаб ідэнтыфікацыі будзе вызначацца кіраўніком пункта калектыўнага карыстання або ўпаўнаважанай ім асобай. Пры выкарыстанні сродкаў фота-, відэафіксацыі іх размяшчэнне павінна выбірацца такім чынам, каб фіксаваць уваход (уваходы) у памяшканне, агульны план памяшкання з размяшчэннем працоўных месцаў, а таксама месца (месцы) аплаты за аказаныя паслугі. Пры гэтым неабходна выключыць магчымасць фіксацыі інфармацыі, якая адлюстроўваецца на экране манітора, і інфармацыі, якая набіраецца карыстальнікамі на прыладах уводу інфармацыі. Пастанова ўступіць у сілу праз месяц пасля яе афіцыйнага апублікавання, гэта значыць прыкладна ў канцы студзеня 2013 года.

БЕЛТА