9 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу з'яўляецца тактычным і стратэгічным дакументам па далейшым развіцці краіны. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. Па словах старшыні аблвыканкама, Прэзідэнт выступіў з вельмі моцным пасланнем, у якім поўна ахарактарызаваў унутраную і знешнюю палітыку дзяржавы, яе сацыяльна-эканамічнае развіццё, выразна паказаў, да чаго імкнецца Беларусь. "Перш за ўсё кіраўнік дзяржавы канцэптуальна спыніўся на пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва. Хто б ні спрабаваў аказаць уздзеянне на беларускі народ, гэта бескарысна: нас нельга зламаць. Толькі шляхам дыялогу, дамоўленасцей, выбудоўвання сяброўскіх адносін на прынцыпах узаемнай павагі і партнёрства можна дабівацца поспехаў у палітыцы. Неабходна даваць аб'ектыўную ацэнку працэсам, якія адбываюцца ў Беларусі, бо наш народ заслугоўвае паважлівага стаўлення: мы заўсёды працавалі мірна і не прэтэндавалі ні на якія заваёвы", - сказаў Аляксандр Косінец. "У выступленні кіраўніка дзяржавы акцэнтавана ўвага на тэме развіцця патэнцыялу краіны шляхам мадэрнізацыі, стварэння сучасных прадпрыемстваў, укаранення інавацый у вытворчай сферы і аграпрамысловым комплексе, што дазволіць павялічыць канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыі і тым самым павысіць якасць жыцця людзей", - адзначыў губернатар. У Віцебскай вобласці з гэтай мэтай будзе мадэрнізавана 228 малочна-таварных ферм. Усяго за бягучую пяцігодку плануецца пабудаваць 103 новыя фермы. "Таксама ў пасланні адзначана неабходнасць супрацоўніцтва з вядучымі краінамі свету, падрабязна разгледжаны пытанні, звязаныя з экспартна-імпартнымі адносінамі, асаблівая ўвага нададзена развіццю жыллёвага будаўніцтва як лакаматыву ўсёй эканомікі. Такім чынам Прэзідэнт цалкам ахапіў эканамічны блок пытанняў, даў падрабязную характарыстыку падыходаў развіцця і паставіў актуальныя задачы. Пры гэтым адна з найважнейшых - забяспечыць да канца года выхад на сярэднюю заработную плату ў $500", - канстатаваў кіраўнік рэгіёну, адзначыўшы, што ў Віцебскай вобласці вядзецца мэтанакіраваная праца па выхадзе на сярэднюю зарплату ў $400 ужо па выніках паўгоддзя.