18 мая, Ушачы /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту пацвердзіла прыярытэт краіны – сацыяльную накіраванасць унутранай палітыкі. Такую думку ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі. Сёлета Пасланне Прэзідэнта было канцэнтраваным, сціслым, дынамічным і канкрэтным, адзначыў ён. Вялікі блок быў адведзены эканамічным пытанням. І тут, на думку Алега Праляскоўскага, найбольш важным з'яўляецца тое, што, нягледзячы на эканамічныя цяжкасці 2011 года, дзяржава мае намер рэалізаваць усе пастаўленыя задачы, вызначаныя Усебеларускім народным сходам. Курс знешняй і ўнутранай палітыкі Беларусі застаецца нязменным, а галоўным прыярытэтам унутранай палітыкі з'яўляецца сацыяльная накіраванасць. "Мы адмовіліся ад рэалізацыі некаторых дзяржпраграм, але не адмовіліся ад падтрымкі людзей. Усю сацыяльную нагрузку дзяржава вытрымала", - падкрэсліў Алег Праляскоўскі. Кажучы яшчэ пра адну асаблівасць Паслання Прэзідэнта сёлета, міністр інфармацыі адзначыў вялікі блок адказаў на пытанні дэпутатаў Нацыянальнага сходу.-0-

БЕЛТА