6 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Пастаўскім раёне створана група ананімных алкаголікаў (АА). Гэта стала першым вынікам Тыдня цвярозасці, які завяршыўся ў раёне, расказала карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай работы Пастаўскага райвыканкама Галіна Чаплінская. На яе думку, толькі забароннымі мерамі, якія абмяжоўваюць продаж спіртных напояў, барацьбу з п'янствам не адолець. "Хоць справядлівасці дзеля трэба адзначыць, што гэтай мерай грэбаваць таксама нельга. Яна дазваляе вырашаць на вёсцы пытанні ўмацавання працоўнай дысцыпліны, грамадскага правапарадку", - пераканана суразмоўніца. У раёне актыўна шукаюць новыя формы процідзеяння згубнай звычцы, і адной з такіх новацый стаў Тыдзень цвярозасці, які завяршыўся 5 лютага. Яго ініцыятарамі выступілі Пастаўскі райвыканкам і рымска-каталіцкія арганізацыі раёна. Да ўдзелу ў гэтай дабрачыннай акцыі былі запрошаны спецыялісты па рабоце з алказалежным насельніцтвам з Мінска, Гродна, Слоніма, Віцебска з Цэнтраў рэабілітацыі залежных ад алкаголю, Праваслаўнага цэнтра рэабілітацыі Беларускай праваслаўнай царквы, члены таварыстваў АА. У Паставах і сельскіх населеных пунктах было праведзена каля 40 сустрэч з сацыяльна небяспечнымі сем'ямі, асобамі, схільнымі да злоўжывання алкаголем, цяжкімі падлеткамі. Разам з калектыўнымі гутаркамі праводзілася індывідуальнае ананімнае кансультаванне. На працягу тыдня святары праводзілі набажэнствы, на якіх звярталіся да паствы з антыалкагольнымі пропаведзямі. Спецыялісты па рабоце з алказалежным насельніцтвам аказалі кансультацыйна-метадычную дапамогу псіхолагам і педагогам школ горада, педагогам сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Вынікам Тыдня цвярозасці стала стварэнне групы АА, якая будзе праводзіць свае пасяджэнні пры мясцовым касцёле і ў сацыяльна-педагагічным цэнтры. На думку запрошаных спецыялістаў, у раёне неабходна пашырыць аўдыторыю, працаваць не толькі з алказалежным насельніцтвам, працягваць прымяняць меры, якія абмяжоўваюць продаж спіртных напояў. Як адзначыла Галіна Чаплінская, яшчэ рана гаварыць аб выніках акцыі, але калі нават некалькі чалавек з тых, з кім працавалі на Тыдні цвярозасці, пачнуць свядома змагацца з алкагольнай залежнасцю - гэта ўжо поспех. -0-

БЕЛТА