28 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Найлепшыя гоншчыкі з Беларусі і Расіі збяруцца ў Віцебску 29-30 кастрычніка на розыгрышы Кубка Беларусі па аўтакросе, які па традыцыі прысвечаны Дню аўтамабіліста і дарожніка. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ Васіль Корабаў. Гонка ў Віцебску з'яўляецца апошнім стартам аўтагоначага сезона ў Беларусі, таму ўсе найлепшыя гоншчыкі, як правіла, не прапускаюць магчымасць выйсці на трасу абласнога цэнтра напярэдадні зімовага перапынку. Па папярэдніх даных, усяго плануюць прыняць удзел каля 40 экіпажаў, у тым ліку з некаторых рэгіёнаў Расіі. Упершыню спартсменам трэба будзе аспрэчваць узнагароды ў пяці класах аўтамабіляў. Разам з традыцыйнымі заездамі ў класах "Д1", "Д1-Юніёр", "Д2" і "Нацыянальны-2000" арганізатары вырашылі ўключыць па-за залікам Кубка гонкі ў класе "Д3-Спрынт" на аўтамабілях "багі". Спаборніцтвы пройдуць у прыгарадзе абласнога цэнтра Тулава на трасе даўжынёй 1,3 тыс.м, якая дазваляе адначасова ўдзельнічаць у заездах 16 аўтамабілям. Пераможцы будуць вызначацца ў асабіста-камандным першынстве. 29 кастрычніка на старт выйдуць удзельнікі заездаў у класах "Д1" і "Нацыянальны-2000". 30 кастрычніка пройдуць фінальныя заезды ў класах "Д1-Юніёр", "Д2" і "Д3-Спрынт" ("багі").-0-

БЕЛТА